НАУ просіць Украіну адмовіцца ад падтрымкі і фінансавання «Славянскага базара»
Беларусы сталі пісаць артыстам у сацсетках і прасіць іх не прыязджаць на «Славянскі базар» — у сувязі з палітычным крызісам у Беларусі, паведамляе TUT.BY. Цяпер з падобнай просьбай да Украіны звярнулася Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ).
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) накіравала афіцыйнаму Кіеву ліст, у якім просіць кіраўніцтва Украіны адмовіцца ад падтрымкі і фінансавання Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Пра гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным НАУ.
Дакумент адпраўлены ў офіс прэзідэнта Украіны, а таксама міністру культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандру Ткачэнку.
У лісце НАУ распавядае пра звальненні работнікаў культурных устаноў, пазбаўленні льгот і прэферэнцый, якія належалі сябрам творчых саюзаў, і інш., а таксама пра палітыку ўлад у дачыненні да незалежных СМІ. Акрамя таго, у дакуменце адзначана цяжкая сітуацыя з эпідэміяй COVID-19, якая пагражае здароўю ўдзельнікаў мерапрыемства «з-за адсутнасці належных мер па барацьбе з ёй з боку дзяржавы».
НАУ перакананае, што «ва ўмовах вострага палітычнага крызісу фестываль не можа адбыцца, бо будзе выкарыстаны ўладай як інструмент прапаганды і ўласнай легітымізацыі».
Пасля таго, як з'явілася праграма фестывалю, віцебчане і жыхары іншых гарадоў Беларусі сталі пісаць артыстам у сацсетках і прасіць іх не прыязджаць на «Славянскі базар» — у сувязі з палітычным крызісам у Беларусі.
Вядома, што ад удзелу ў фестывалі адмовіліся гурт «Ронда» з яго фронтменам Аляксандрам Івановым, Міхаіл Галусцян, украінская спявачка Maruv, беларускі спявак Антон Табала (Homie). Пра няўдзел у фестывалі паведаміў сёння ўкраінскі шоумэн Цімур Мірашнічэнка.
Між тым, арганізатары фестывалю абураюцца, што хваля зваротаў, якія масава сталі атрымліваць у сваіх акаўнтах артысты, заяўленыя ў праграме фестывалю, «стварыла непрыемнае напружанне і цяпер перашкаджае падрыхтоўцы "Славянскага базара"».
— Эмацыйны ціск змушае творчых людзей мяняць прынятыя рашэнні. Лічым, гледачы і артысты ні ў якім выпадку не павінны быць абражаныя, бо асабісты выбар кожнага варты павагі. Таксама дзеючым застаецца права дырэкцыі ў любы момант уносіць змены ў праграму фестывалю.
Паводле tut.by