Наталля Ільініч: Я не магла не выжыць…

Пра звальненне настаўніцы гісторыі вышэйшай катэгорыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталлі Ільініч шмат пісалі недзяржаўныя СМІ. Пасля заканчэння гістфаку БДУ настаўніца больш за 25 гадоў адпрацавала ў школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі», вывучае падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фэст, які любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод выхаванцаў Ільініч — сацыёлагі, гісторыкі, фалькларысты і музеязнаўцы.



547b85f3fafdf30856386753dc21c4e1.jpeg

Пра звальненне настаўніцы гісторыі вышэйшай катэгорыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталлі Ільініч шмат пісалі недзяржаўныя СМІ. Пасля заканчэння гістфаку БДУ настаўніца больш за 25 гадоў адпрацавала ў школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі», вывучае падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фэст, які любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод выхаванцаў Ільініч — сацыёлагі, гісторыкі, фалькларысты і музеязнаўцы. На пачатку мінулага года настаўніца была звольнена за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, якая праявілася і падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на ганенні, Ільініч змагла захаваць гонар і застацца ў прафесіі. Пра ўсё гэта Наталля Ільініч распавяла журналісту НЧ Марату Гаравому.
Механізм працуе без збояў
— Працу сваю я люблю, і да сённяшняга дня ўспрымаю звальненне як вялікае няшчасце. Цэлы год я спрабавала ўладкавацца на настаўніцкую працу, пакуль урэшце не зразумела, што ў сённяшніх умовах шлях у школу для мяне зачынены. Я пераканалася на ўласным досведзе, што механізм выштурхоўвання непажаданых працуе ў краіне без збояў. А калі які збой і адбываецца, дык хутка выпраўляецца. Гэты механізм працуе на тое, каб зламаць і знішчыць тых, хто наважыўся ўзняць галаву, запалохаць астатніх, зрабіць іх маўклівымі сведкамі. А бывае — і саўдзельнікамі ганенняў.
Дапамажыце іншым

— Пасля звальнення я апынулася ў цяжкім стане: захварэла, выхаду не было відаць. Мой свет перакуліўся. Трэба было пачынаць усё з пачатку, а сіл не было. Выратавала мяне людская дапамога. Мне пашанцавала, што сваім добрым таленавітым словам пра звальненне напісала Марыя Эйсмант у «Народнай Волі», а таксама распавялі журналісты іншых недзяржаўных СМІ, у тым ліку БелаПАН, «Нашай Нівы» і Радыё Свабода.
Калега са Слуцку Зінаіда Цімошык звярнулася да чытачоў з прапановай дапамагчы чалавеку ў бядзе, сама прыехала са сваімі сябрамі на мой суд у Мар’іну Горку, першая даслала грашовы перавод.
Дзясяткі знаёмых і зусім не знаёмых працягнулі руку — мне тэлефанавалі, пісалі лісты, паштоўкі, дасылалі грошы і бандэролі. Немагчыма назваць усе прозвішчы добрых людзей: адных пераводаў я атрымала каля 170! Я да сённяшняга дня працягваю разважаць над гэтым феноменам. Чаму гэтыя людзі так зрабілі? Я чытала, што ў Польшчы, калі быў арыштаваны электрык Лех Валэнса, палякі літаральна завалілі дапамогай яго шматдзетную сям’ю. Але ж я добра ведала, што беларусы — не палякі, а вясковая настаўніца зусім не падобная да лідара польскай «Салідарнасці». Таму маштаб дапамогі суайчыннікаў уразіў мяне.
Што кіравала гэтымі людзьмі, калі яны ўзняліся і рушылі на пошту даслаць ліст ці перавод незнаёмаму? Людзей абурыла несправядлівасць і беззаконне, учыненыя чыноўнікамі? Яны разумеюць, што з кожным можа адбыцца такая расправа, і на месцы звольненай «у сувязі з заканчэннем кантракта» можа апынуцца любы з іх? Людзі падзяляюць мае каштоўнасці, маю справу па адстойванню прафесійных і чалавечых правоў ды годнасці?
Я ўбачыла, што не адзінокая, што шмат людзей падтрымліваюць мяне. Гэтая хваля салідарнасці пацвердзіла, што я маю рацыю і беларусы вартыя лепшага жыцця. Падтрымка людзей паказала, што ў Беларусі зараджаецца грамадзянская супольнасць, а гэта дае надзею на лепшае.
Аказалася, што ў нас ёсць шмат дзейных грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, ёсць і Партыя БНФ, якая можа не толькі дзяліцца на часткі, але і дапамагаць выгнаным. Некалькі сяброў гэтай партыі і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ у цяжкія часы нават прыязджалі да мяне дамоў, каб падтрымаць. Таварыства беларускай школы хадайнічала ў судзе, а намеснік старшыні ТБШ Тамара Мацкевіч не прапусціла ніводнага судовага пасяджэння, каб падтрымаць мяне. А колькі было радасці, калі ТБШ дапамагло мне не згубіцца прафесійна і прапанавала рэдагаваць настаўніцкі метадычны сайт!
Ніхто, да каго я звярталася, не адмовіў у дапамозе. А большасць грамадскіх актывістаў прыйшлі самі, не чакаючы просьбаў. Юрыдычнай кансультацыяй, парадай, адвакатам і падтрымкай у судах дапамаглі такія грамадскія структуры, як праваабарончы цэнтр «Вясна», грамадзянская кампанія «Наш Дом» і камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць».
Я выжыла і таму, што перад вачыма быў прыклад людзей, якім было цяжэй, чым мне. У турмах сядзяць ні ў чым не вінаватыя, найлепшыя сыны беларускай нацыі. Яны пазбаўлены волі, церпяць здзекі, катаванні, іх могуць нават знішчыць фізічна. Гледзячы на гэтае беззаконне і пакуты, бачыш, што твая праблема нашмат менш балючая.
Не бойцеся
— Цэлы год я хадзіла па зачараваным коле — усё шукала працу ў школе. У Мінску, Асіповічах. Думалася, а раптам які-небудзь дырэктар не пабаіцца ды насуперак загаду зверху возьме мяне настаўніцай гісторыі? Я ж не самая горшая настаўніца і змагу даказаць гэта сваёй працай. Дарэмныя спадзяванні. Толькі 12 студзеня 2012 года я спыніла безвыніковыя пошукі і зарэгістравалася рэпетытарам у падатковай інспекцыі. Дала абвесткі — і хутка знайшліся вучні. Цяпер я зарабляю на хлеб «дарэктарствам»: хаджу па вучнях, якім трэба мая дапамога, правожу ўрокі ў іх дома. Мне падабаецца. Тут вынік залежыць ад твайго майстэрства і любові да дзяцей, а не ад умення спрытна складаць паперы, патрэбныя начальству.
Як вольны чалавек я змагла прыняць удзел у навучальных праграмах за мяжой — раней мяне не адпускалі са школы. Стажыроўка па тэме «Эфектыўныя метады выкладання і ацэнкі» ў Варшаве была вельмі карыснай і дапамагае ў маёй настаўніцкай працы. Шкадую, што не распачала гэта адразу пасля звальнення, баялася ўзяць уласны лёс у свае рукі, прывыкла ўсё жыццё хадзіць у стройных шэрагах. Баялася, што не змагу знайсці вучняў, пагатоў, у маёй вёсцы такой працы няма, а трэба ездзіць на электрычцы і шукаць у горадзе.
Дзякуй Богу, усё наладжваецца, цяпер я ўжо ўпэўнена, што не загіну і сваёй настаўніцкай працай змагу зарабіць сабе на хлеб.
Не маўчыце
— Нехта, даведаўшыся пра маю гісторыю, зробіць выснову: не, сёння настаўнік не зможа абараніць свае правы. Глыбей уцягне галаву ў плечы і пойдзе рабіць тое, што патрабуе начальства. «Я не хачу страціць працу, а значыць, кавалак хлеба для сваіх дзяцей, не хачу парваць свае нервы і здароўе, б’ючыся галавой аб каменную сцяну, не хачу стаць адрынутым у грамадстве», — думае мой калега. І ў гэтым, вядома, ёсць жудасная логіка сённяшняга беларускага жыцця, логіка прыстасаванства.
Аналізуючы падзеі, што адбыліся са мною на працягу апошніх двух гадоў, я не жадаю такіх выпрабаванняў нікому з добрых людзей. Я не адчуваю сябе пераможцам. Але з упэўненасцю магу сказаць, што, калі б усё вярнулася назад, усё б зрабіла так, як зрабіла. Улічыла б памылкі, але прынцыповыя крокі засталіся б ранейшымі. Мне не сорамна перад сваімі вучнямі і сябрамі — а гэта дарагое пачуццё. А тым калегам, хто не адчувае сябе камфортна ў сённяшняй нашай айчыннай школе, хачу сказаць: не бойцеся!
Я зразумела, што выйдзем мы з гэтай заганнай сітуацыі, калі перастанем баяцца крыўдзіцеляў. Я сама больш за ўсё баялася, што мы з дачкой не будзем мець грошай на хлеб, заплаціць за тэлефон і электрычнасць, набыць дровы. Усё жыццё прапрацаваўшы ў адной дзяржаўнай школе, вясковы чалавек, мала прыстасаваны да рынкавых умоваў, не маючы ніякіх «блатаў» і знаёмстваў, — я змагла выжыць і пачаць усё спачатку.
Дапамажыце таму, хто пакутуе. Большасць настаўнікаў маўчаць і церпяць беззаконне, бо не ўпэўненыя, ці змогуць выжыць, калі будуць выгнаныя са сваёй працы, ці дапаможа ім хто, ці падтрымае. Салідарнасць — гэта самае важнае для нас сёння. Мы пераможам, калі падтрымаем тых, хто трапіў у жорны сістэмы. А наступныя — тыя, хто ўздыме галаву, — лягчэй перамогуць свой страх і прыстасаванства, калі будуць ведаць, што іх не кінуць добрыя людзі. Не мной сказана: для таго, каб зло перамагала, дастаткова, каб добрыя людзі нічога не рабілі.
Не маўчыце, калі вас гоняць. Мне дапамаглі людзі яшчэ і таму, што справа атрымала розгалас дзякуючы СМІ. Людзі даведаліся пра маю бяду, таму і пранікліся гэтай праблемай. Чыноўнікі таксама баяцца розгаласу сваіх непрыгожых учынкаў. Некаторыя нават спыняюцца ад галоснасці, праўда, могуць рабіць паскудствы таемна, чужымі рукамі. І пра гэта трэба казаць. Пра парушэнне правоў вельмі важна не маўчаць. Дзякуй Богу, што ў Беларусі яшчэ ёсць вольныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі. У настаўнікаў ёсць свой сайт nastaunik.info, які чуйна адлюстроўвае ўсё, што адбываецца ў школьнай сістэме, у тым ліку — і факты парушэння нашых правоў.
Толькі ад нас саміх залежыць, якой будзе наша школа і наша Беларусь. Гэта толькі здаецца, што ад аднаго чалавека нічога не залежыць. Але ж усе справы пачынаюцца з першага кроку».