«Наш з вамі план на сёння — адказаць рэжыму!»
Павел Латушка звярнуўся да беларускага народа перад традыцыйным нядзельным маршам.
Сябры!
Сёння нядзеля. Дзень, калі голас беларусаў гучыць асабліва гучна і выразна.
Учора ўлада зрабіла першы крок. Але я хачу папрасіць вас успрымаць сустрэчу з палітвязнямі адэкватна, без ілюзій. Рэжым таргуецца з народам. Ён гатовы на нязначныя зрухі дзеля таго, каб утрымацца. Ня вядзіцеся! Не верце! Не зачароўвайцеся раней часу.
Гэтыя дзеянні — чарговая спроба збіць пратэст, супакоіць народ, адцягнуць увагу.
Таму наш з вамі план на сёння — адказаць рэжыму. Нашы мірныя шматлікія маршы ствараюць яму катастрафічныя складанасці. І чым больш — тым яму складаней выгароджваць сваіх чыноўнікаў, якія ўсё ясней разумеюць: фінал блізкі, і прыйдзецца адказаць за ўсё. Давайце ўзмацняць ціск на рэжым, які хістаецца, каб ён нарэшце паваліўся.
Беларусы, я захапляюся вамі!
Разам з вамі працягваю барацьбу кожны дзень.
Перамога блізкая!