Насупраць Дому Ураду правялі пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны

На плошчы Незалежнасці правялі пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў, паведамляе «Радыё Свабода».

9a93356a_8dc6_4564_9f7b_7801157a9c6e_w1023_r1_s.jpg

Актывісты прымеркавалі пікет да пачатку вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў і накіравалі туды зварот, дзе нагадалі пра запатрабаванасць рэформы артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.

Адзін з лідараў кампаніі Legalize Belarus Пятро Маркелаў распавёў “Свабодзе”, што ўдзельнікі руху хочуць удзельнічаць у пасяджэннях, дзе парламентарыі будуць абмяркоўваць пытанні датычныя кантраляваных рэчываў.

«Разлічваем, што ўлада зразумее, што праблема хвалюе вялікую колькасць людзей, і яны не будуць маўчаць. Змены па дэкрыміналізацыі могуць палепшыць сітуацыю ў адрозненне ад змяншэння мінімальнага пакарання на некалькі год. За касяк нельга садзіць ні на тры гады, ні на месяц», — заявіў Маркелаў. 

Удзельнікі кампаніі Legalize Belarus

Удзельнікі кампаніі Legalize Belarus

Крымінальны артыкул 328 «Незаконны зварот наркатычных сродкаў» прадугледжвае пазбаўленне ці абмежаванне волі з максімальным тэрмінаў да 20 гадоў. Паводле інфармацыі руху «Маці 328», на сённяшні дзень каля 15 тысяч чалавек адбываюць пакаранні ў месцах пазбаўлення волі паводле крымінальнага артыкулу 328.

Петыцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў на партале petitions.by сабрала больш за 1400 подпісаў, паводле Пятра Маркелава на папяровых носьбітах сабралі больш за 600 подпісаў. У петыцыі прапануецца ўвесці азначэнне малой колькасці для кожнага з лёгкіх наркотыкаў і адмяніць крымінальную адказнасць за зварот «кантраляваных рэчываў» у малой колькасці.

 www.svaboda.org