Настаўнік на тэставанні: У адным заданні падыходзілі і працяжнік, і коска

Настаўнік беларускай мовы Максім Баравік ідзе на тэставанне і заўважае у заданнях спрэчны момант.



tests.jpg

Еўрарадыё вырашыла адправіць здаваць экзамены спецыялістаў: настаўніка беларускай мовы, рэпетытара па хіміі і маладую спецыялістку — перакладчыцу з англійскай мовы. 

baravik.jpg

Першы, настаўнік беларускай мовы з мінскай школы Максім Баравік, ужо здаў тэставанне па сваім прадмеце. З заданнямі Максім спраўляецца за 40 хвілінаў.

Аўдыторыя

Здаваў я ў Эканамічным універсітэце. Першае ўражанне: камісія тлумачыць усё як для асабліва адораных, вельмі падрабязна. Хаця, шчыра кажучы, я баяўся нешта напароць падчас запаўнення бланкаў. У аўдыторыі былі школьнікі, але пэўную частку складалі людзі майго ўзросту, 24–25 гадоў. Былі і людзі пад 40 гадоў. Калі ў адсотках, 70% школьнікаў, астатнія старэйшыя. 

Заданні

Усе пытанні паўтараюць рэпетыцыйнае тэставанне. Тыя ж правілы, іншыя прыклады. Шэсць гадоў таму, калі я паступаў, было інакш. У прынцыпе, калі б я вучыўся ў школе, пры ўмове цудоўных настаўнікаў і калі б добра засвоіў праграму, пытанні б у мяне выклікала толькі некалькі заданняў.

Як у настаўніка ўзнікла пытанне да аднаго задання. Гэта ў частцы А, трэба было падабраць схему да сказу без знакаў прыпынку. І вось паміж часткамі складанага сказу можна было паставіць і працяжнік, і коску. Усё падыходзіла! Наколькі я памятаю, на тэставанні не мусіць быць спрэчных момантаў.

Мы нават з калегамі гэты сказ разбіралі. Ён прыкладна такі: "Мне сёння ўсё вельмі прыемна, мне не хвалюе душу нічога: да мяне прыязджаюць сябры". І вось перад другой часткай незразумела, вынік гэта ці не вынік і які знак прыпынку там трэба ставіць.

Я б не сказаў, што тэст складаны. Усё закранае праграму для сярэдняй школы. Я зрабіў тэст хвілін за 40. Шэсць гадоў таму на 100 балаў здаў, зараз, думаю, набяру больш за 90.

Абітурыенты

Са мной поруч сядзела дзяўчынка, бачна, што адразу пасля 11 класа. Яна нават заданні не глядзела, накрэмзала крыжыкі і праз 20 хвілінаў выйшла.

Еўрарадыё паглядзіць, як здадуць тэставанне ўсе нашыя "абітурыенты" і апублікуе вынікі тэставання. Чакайце працягу.

euroradio.fm