«Найлепшыя людзі горада». Ролю масоўкі на сустрэчы з Лукашэнкам у Ветцы выканаў прафсаюзны актыў
«Звычайныя жыхары» Веткі, якія так расчулілі Аляксандра Лукашэнку, аказаліся мясцовым прафсаюзным актывам і чыноўнікамі. Гэта выявіў Reform.by.
«Я бачыў сёння ў Ветцы радасныя твары, і ў чым асаблівасць — калі ёсць нейкія дробныя пытанні, то жанчыны хуценька гэтага чалавека адсоўваюць: "Ды гэта не прэзідэнта пытанні, ды гэта не галоўнае". Галоўнае — каб быў мір, каб не прылятала сюды (як кажуць на Данбасе), каб людзі жылі на мірнай зямлі. Людзі, нарэшце, сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае жыццё, спакойнае, мірнае, і жыццё сваіх дзяцей. Гэты прыярытэт сёння я бачу на Гомельшчыне ды і па ўсёй рэспубліцы», — пахваліўся на сустрэчы ў Ветцы 28 красавіка з абласнымі чыноўнікамі Лукашэнка.
Хто ж гэтыя
дапушчаныя да цела любімага кіраўніка «найлепшыя людзі горада»? Reform.by
паглядзеў на твары і многіх пазнаў.
Не ўсе асобы ў
афіцыйнай фотасправаздачы бачны, многіх здымалі са спіны для стварэння эфекту масавасці. Але тыя, хто змог прадэманстраваць «шчанячую» радасць пры
Лукашэнку і паказаць твар, добра знаёмыя мясцовым жыхарам — гэта раённыя
прафсаюзныя кіраўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў.
У натоўпе, як
гэта звычайна бывае, не было вертыкальшчыкаў — усе яны знаходзіліся на
афіцыйнай сустрэчы, а вось на вуліцы Лукашэнку чакалі тыя, каму месца ў зале не
знайшлося. Але гэта правераныя людзі.
Выданню ўдалося апазнаць былога (якую пасаду ён займае цяпер, устанавіць не змаглі) і
цяперашняга старшыню Веткаўскага раённага абʼяднання арганізацый прафсаюзаў
Уладзіміра Бялова і Вадзіма Гаўрылава (сустракалі на выхадзе з выканкама),
старшыню прафкама Веткаўскай ЦРБ Тамару Радзькоўскую (прасіла застацца на
пасадзе), старшую медсястру ЦРБ Любоў Арэх (30 гадоў таму прыехала з
Узбекістана), намесніцу кіраўніка па ідэалагічнай працы Веткаўскага спецлясгаса
Тамару Убажэнка (сустракала на чале групы са словамі «ў нас няма праблем»).
Такая яна, «народная любоў» на 29-м годзе аднаасобнага кіравання.