На Святой Зямлі ўсталяваныя таблічкі з малітвамі па-беларуску

IV Нацыянальная пілігрымка беларусаў — каталіцкіх і грэка-каталіцкіх іерархаў, святароў і вернікаў на Святую Зямлю завяршылася ў горадзе Эйн-Карэм, на радзіме святога Яна Хрысціцеля, дзе адбыўся кульмінацыйны акт пілігрымкі — асвячэнне памятных табліцаў з малітвамі «Magnificat» і «Benedictus» па-беларуску.



asviacili.jpg

Урачыстую Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у саслужэнні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца і Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, паведамляе catholic.by.

Беларускі іерарх ахвяраваў Святую Імшу, у якой удзельнічалі 300 беларускіх пілігрымаў, у інтэнцыі Беларусі, каб «наш народ будаваў сваю будучыню на нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях». У гаміліі іерарх нагадаў пра абставіны сустрэчы Панны Марыі і Альжбеты, падчас якой Марыя праспявала свой славуты гімн “Magnificat”, табліцу з якім пазней іерархі па чарзе ўшанавалі, укленчыўшы.

Табліца з тэкстам «Magnificat» па-беларуску дадалася да «сям’і табліцаў» у святыні побач з табліцамі з іншых краінаў свету. Усталяванне табліцаў сталася магчымы дзякуючы каталіку Віктару Обуху, які праспансаваў гэтае пачынанне. З урачыстай падзеяй беларусаў павіншаваў віцэ-кусташ кустодыі Тэрра-Санта на Святой Зямлі з Ордэна францішканаў.

Другая табліца — з гімнам «Benedictus» — была асвечаная ля месца, дзе ў біблейскія часы стаяў дом Захарыі.

Наступная Нацыянальная пілігрымка беларускіх каталікоў на Святую Зямлю будзе кіравацца на раку Ярдан. Плануецца, што падчас паломніцтва будзе асвечаная табліца са словамі з Евангелля паводле Марка: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». На гэта будзе атрымлівацца асаблівы дазвол — гэтак жа, як у выпадку з ужо асвечанымі табліцамі, усталяванымі ў кустодыі Тэра Санта ці касцёле Pater Noster, якія з’яўляюцца ўласнасцю Францыі. Наступным разам будуць весціся перамовы з уладамі Ізраіля, якому належыць Ярданіт.

Табліца з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове была ўсталяваная ў святыні Pater Noster у 2011 годзе, калі таксама адбывалася Нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю з удзелам біскупаў.

krynica.info