На Аўгустоўскім канале прапануюць стварыць зону бязвізавага турызму

Такую ініцыятыву ў Гродне на выставе-кірмашы "Еўрарэгіён "Нёман" агучыў маршалак Падляскага ваяводства Мечыслаў Башко.

"Гродна і Беласток маюць шматгадовы вопыт супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, культуры і іншых. Асабліва актыўна ў апошнія гады мы ўдзельнічаем у трансгранічных праектах. За сродкі ЕС удалося ажыццявіць ўзаемна цікавыя праекты ў сферы аховы здароўя, дарожнай інфраструктуры. Сёння на першы план па важнасці выходзіць таксама дзейнасць у сферы турызму. Магу сказаць, што мы ініцыявалі і ўжо праводзім інтэнсіўныя перамовы аб тым, каб па прыкладзе рэжыму бязвізавага наведвання, які працуе для турыстаў у нацыянальным парку "Белавежская пушча", зрабіць аналагічны на Аўгустоўскім канале. Выступілі мы з такой ініцыятывай і паведамілі пра яе ў міжурадавую беларуска-польскую падкамісію. Нядаўна ў Беластоку праходзіла сустрэча прадстаўнікоў МЗС нашых краін, і сярод іншых пытанняў былі выказаны намеры рухацца ў гэтым кірунку", -— распавёў маршалак агенцтву БелТА.

Такія ж намеры пацвердзіў старшыня праўлення Падляскага клуба бізнесу Лех Пілецкі. Ён паведаміў, што ўжо ў бліжэйшыя дні адбудзецца вялікая працоўная сустрэча ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, у якой будуць прымаць удзел консулы і прадстаўнікі буйнога бізнесу. На ёй плануецца абмеркаваць крокі, неабходныя для больш хуткай рэалізацыі гэтай ідэі. "Думаю, мы зможам гэта зрабіць пры узаемным жаданні двух бакоў.  Але ж у Белавежскай пушчы усё атрымалася, і гэты цудоўны край атрымаў штуршок да новага развіцця. Тое ж трэба зрабіць з Аўгустоўскім каналам", — лічыць ён.

У сферы вытворчасці Лех Пілецкі бачыць шляхі для актыўнага супрацоўніцтва гродзенскіх і Падляскіх бізнесменаў у будаўніцтве, перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі, вытворчасці тэхнікі для сельскагаспадарчых патрэб, гандлі. "У бізнеса Беластоцкага рэгіёна стабільны інтарэс да Беларусі, многія дзелавыя людзі маюць цесныя роднасныя сувязі з Гродзеншчынай. Нам абавязкова трэба трымацца разам. Мы павінны глядзець у будучыню, развіваць супрацоўніцтва", — дадаў Лех Пілецкі.

Варта адзначыць, што Беларусь да гэтага часу не ратыфікавала пагадненне з Польшчай аб малым памежным руху, якое прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэння мяжы жыхарам 50-кіламетровай зоны ў Польшчы і Беларусі.