На Віцебшчыне каля паўтары тысячы медыкаў былі інфікаваныя каронавірусам

З 1 красавіка па 12 траўня ў Віцебскай вобласці выпісалі больш 5400 пацыентаў, вылечаных ад пнеўманіі. Да працы вярнуліся 308 медыкаў, якія перанеслі каронавірусную інфекцыю. Пра гэта 13 траўня на пасяджэнні абласнога штаба па барацьбе з COVID-19 паведаміў кіраўнік аблздрава Міхаіл Вішнявецкі, пішуць «Віцьбічы».

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Раней аблздраў паведамляў, што па стане на 11 траўня за 20% медработнікаў, інфікаваных каронавірусам, ачунялі, у тым ліку і ад пнеўманіі, і прыступілі да працы. Можна палічыць, што ўсяго за перыяд распаўсюджвання інфекцыі ў краіне на Віцебшчыне каронавірусам былі інфікаваныя больш за паўтары тысячы медыкаў.
 У апошнія два тыдні дынаміка захворвання ідзе ўніз, — адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Па словах начальніка аблздрава Міхаіла Вішнявецкага, за тыдзень у вобласці захворванне на рэспіраторныя інфекцыі знізілася на 16%. 69,3% хворых — дарослыя людзі.
З канца красавіка колькасць пацыентаў з пнеўманіямі, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, зменшылася ў вобласці на 20%, па Віцебску — на 29%.
Аднак пакуль колькасць пнеўманій досыць вялікая, і масава выводзіць стацыянары з інфекцыйнага профілю нельга. З 18 траўня да прыёму профільных пацыентаў вернецца толькі анкадыспансер. Затым — адзін з карпусоў абласной клінічнай бальніцы.
— Супакойвацца нельга: эпідэміялагічная сітуацыя на Віцебшчыне пры ўсёй стабільнасці застаецца складанай, — падкрэсліў кіраўнік аблздрава. — З 1 красавіка па 12 траўня выпісана больш 5400 пацыентаў, вылечаных ад пнеўманіі. Да працы прыступілі 308 медыкаў, якія перанеслі каронавірусную інфекцыю.
Цяпер ёсць яшчэ адна важная задача.
— Трэба ўважліва паглядзець на выкананне ў Віцебскай вобласці ўказа аб матэрыяльным стымуляванні медыцынскіх работнікаў, якія былі задзейнічаныя ў лячэнні пацыентаў з COVID-19, — кажа кіраўнік вобласці. — У прэсе з'явілася негатыўная інфармацыя, што камусьці недаплацілі, кагосьці ўшчамілі. Ці ўсе прапісаныя ў дакуменце катэгорыі работнікаў у нас улічаны, ці няма пакрыўджаных людзей, каб з добрай справы мы не перавялі пачынанне ў негатыў?
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі растлумачыў:
— З 5 па 19 траўня выплочваюць заробак за красавік, у яго ўжо ўключаны прадугледжаныя ўказам надбаўкі. Да гэтай працы мы рыхтаваліся, правялі семінары для эканамічных службаў медустаноў, патлумачыўшы ім парадак налічэння надбавак. (Яны належаць тым, хто непасрэдна працаваў з інфікаванымі COVID-19, а таксама ўлічваецца адпрацаваны час). Затым сабралі пытанні, якія ў іх узніклі, далі на іх адказы. Але паколькі няяснасць у асобных работнікаў застаецца, ім рэкамендавалі звяртацца ў планава-эканамічную службу аблздрава для ўдакладнення ўсіх нюансаў.
Надбаўкі атрымліваюць і студэнты ВДМУ, якія прыйшлі на дапамогу і працуюць медсёстрамі.
Паводле tut.by