«На наступную раніцу я прачнуўся вольным чалавекам». Гісторыі тых, хто пайшоў з сістэмы
Некаторыя беларусы, якія працавалі ў дзяржаўных структурах, за апошні месяц прынялі рашэнне звольніцца. Для кагосьці апошняй кропляй стала незадаволенасць вынікам прэзідэнцкіх выбараў, а для кагосьці —жорсткія разгоны мірных акцый пратэсту.
Напрыклад, у былой супрацоўніцы суда Марыі Кавальчук на акцыі затрымалі брата, суткі яна не магла высветліць, дзе ён знаходзіцца. Гэтая сітуацыя, кажа дзяўчына, "прыбрала апошнія ваганні". А былы ўчастковы Уладзіслаў Самыкаў ужо нейкі час разважаў над зменай прафесіі. "Тым не менш я ўсё роўна працягваў служыць. Аднак гэты момант (падзеі некалькіх дзён пасля выбараў. — заўв. рэд.) паставіў кропку, далей ужо ніякіх сумневаў не было», — кажа ён.
FINANCE.TUT.BY пагаварыў з людзьмі, якія пасля жнівеньскіх падзей сышлі з працы, пра тое, што канкрэтна падштурхнула іх да гэтага рашэння, якой была рэакцыя кіраўніцтва і калег і якім яны далей бачаць свой кар'ерны шлях.
Супрацоўніца суда: «Зразумела, што з майго боку будзе крывадушна хадзіць на мітынгі, працягваючы працаваць у сістэме»
Марыя Кавальчук пяць гадоў адпрацавала сакратаром судовых пасяджэнняў у Маскоўскім судзе Брэста.
— У мяне вышэйшая юрыдычная адукацыя, я скончыла юрфак, прайшла выпрабавальны тэрмін у судзе. Мяне ўзялі на працу, і я падумала: «Чаму б і не?» — расказвае пра сябе Марыя. — Першапачаткова я думала, што, магчыма, хацела б і далей рабіць кар'еру. Але калі ўбачыла ўсю сістэму і як у ёй усё працуе, перадумала. Напэўна, нейкі час мяне там трымала стабільнасць, грошы.
Са слоў суразмоўніцы, сумнявацца ў сваім жаданні працаваць у судзе яна пачала яшчэ да выбараў. Амаль увесь ліпень не выходзіла на працу — была ў адпачынку. А потым падчас акцый пратэсту затрымалі брата Марыі.
— Мы ў судзе заўсёды цесна ўзаемадзейнічалі з СІЗА, ІЧУ, рознымі структурамі. Я спрабавала туды тэлефанаваць, каб даведацца пра яго якую-небудзь інфармацыю, таму што мы перажывалі, у мамы падняўся ціск. Суткі яго шукалі і не маглі знайсці, — успамінае Марыя. — Пры гэтым людзі, з якімі мы яшчэ пяць гадоў таму разам вучыліся і, груба кажучы, за вуглом палілі, не ўздымалі слухаўку або казалі, што не могуць дапамагчы. І я ж пры гэтым не прасіла нейкай асаблівай дапамогі! Проста атрымаць элементарную інфармацыю аб яго перасоўваннях: дзе ён сядзіць, стаіць, пабіты, ня пабіты. Але ніхто не адгукнуўся.
У выніку, кажа Марыя, сітуацыя з братам "прыбрала апошнія ваганні". У жніўні, калі дзяўчыне трэба было выходзіць на працу з адпачынку, яна прыйшла адразу з заявай на звальненне па пагадненні бакоў.
— На той момант я ўжо ўсё для сябе вырашыла адназначна, ні разу не вагаючыся. Акрамя сітуацыі з братам, былі і іншыя прычыны. Па-першае, я зразумела, што з майго боку будзе ілжыва і крывадушна хадзіць на мітынгі, працягваючы працаваць у сістэме. І, па-другое, я не падзяляла пазіцыю суда, што трэба прыцягваць затрыманых людзей да адказнасці, — тлумачыць Марыя. — Людзі, якія маюць юрыдычную адукацыю, ведаюць, як пачынаецца адміністрацыйны працэс, як ён праводзіцца, якое павінна быць затрыманне, якія падставы — і гэта ўсё ішло насуперак з тым, што я бачыла ў рэальнасці. Я чула пра ўсё з першых вуснаў.
Марыя распавядае, што адносіны з калегамі сапсаваліся, што яны перасталі мець стасункі "яшчэ на стадыі праблем з братам".
У цэлым рашэнне сысці ў нікуды далося Марыі лёгка, хоць яна і прызнаецца, што спачатку было боязна.
— У мяне ёсць невялікія зберажэнні на нейкі адрэзак часу. Але ў любым выпадку я не бачыла альтэрнатывы і гатовая была прамяняць стабільнае сядзенне ў кабінеце ў судзе на любую нізкакваліфікаваную малааплатную працу, — прызнаецца Марыя. — Цяпер я знаходжуся ў пошуку працы. Гэта максімальна адкрыты пошук, я разглядаю не толькі Беларусь — усе сферы, усе краіны. Але дакладна ведаю, што працаваць у дзяржструктурах у Беларусі я не буду.
Участковы: «Падзеі пасля выбараў сталі апошняй кропляй. Прычыну, па якой хачу сысці, агучыў прама»
Уладзіслаў Самыкаў з Мінска амаль тры гады прапрацаваў у Маскоўскім РУУС сталіцы ў якасці ўчастковага інспектара (на сайце райадміністрацыі яшчэ значыцца інфармацыя аб Уладзіславе).
— Калі глядзець менавіта па пасадзе, то я служыў 2 гады і 8 месяцаў, але да гэтага было яшчэ 4 месяцы навучальнага цэнтра, — тлумачыць Уладзіслаў. — Калі шчыра, то я і да гэтага ўжо нейкі час думаў пра тое, каб змяніць прафесію, але тым не менш усё роўна працягваў служыць. Аднак гэты момант паставіў кропку, далей ужо ніякіх сумневаў не было.
Гэтым момантам Уладзіслаў называе той час, калі 12 жніўня ў Беларусі аднавіўся доступ да Інтэрнэту і там сталі з'яўляцца фота таго, што адбывалася ў краіне пасля выбараў і людзей, якія пацярпелі на Акрэсціна.
— Усё гэта стала апошняй кропляй. 13 жніўня я прыйшоў да начальніка і сказаў, што на працу не выйду. Кіраўніцтва ў мяне адэкватнае і добрае, і як супрацоўнікі, і як людзі, таму ўсе паставіліся да майго рашэння нармальна. Прычыну, па якой хачу сысці, я агучыў прама, — распавядае Уладзіслаў. — Дарэчы, пасля мяне яшчэ некалькі чалавек прынялі рашэнне звольніцца (ці звольніліся яны ў выніку, Уладзіслаў не ў курсе. — заўв. рэд.).
— На працы я застаўся павінен за адпачынак, які, груба кажучы, ужо адбыў, але да канца года яшчэ не адпрацаваў, і за форменнае абмундзіраванне. Але гэта невялікая сума, у мяне яе вылічылі з заробку, так што на гэты момант я больш дзяржаве нічога не вінен. Акрамя таго, я звяртаўся па кампенсацыю ў Фонд салідарнасці, мне яе ўжо пералічылі (усе нашы суразмоўцы атрымалі такую выплату ад фонду. — заўв. рэд.), — кажа Уладзіслаў.
Зараз суразмоўца асвойвае новую прафесію — вучыцца на IT-курсах.
— Цяпер праходжу ўводны этап, паглядзім, як будзе атрымлівацца далей, — каментуе сваю вучобу Уладзіслаў. — У цэлым аб сваім учынку я не шкадую. Але мне ўсё роўна шкада, што ўсё атрымалася менавіта так. Як бы там ні было, усё роўна гэта частка мяне, частка майго шляху, які я прайшоў. Юрыспрудэнцыя — гэта вельмі цікава, і тое, чым я займаўся, мне ўсё роўна падабалася.
Работнік дзяржСМІ: «Былі сумневы, але на наступную раніцу прачнуўся вольным чалавекам»
— Я загадзя прыняў для сябе рашэнне, што калі пасля выбараў паўторыцца сітуацыя, як у 2010-м годзе, з разгонам Плошчы і іншым, то, хутчэй за ўсё, я пайду, — распавядае Віталь Герасіменка. Ён працаваў адказным сакратаром газэты «Знамя юности», якая ўваходзіць у выдавецкі дом «Беларусь сёння». — Але на гэты раз атрымалася, што сітуацыя пачала складвацца такім чынам яшчэ да выбараў, таму маральна я быў гатовы да сыходу. Калі б да і пасля выбараў усё складвалася нармальна, я б яшчэ падумаў, ці трэба сыходзіць, але тут усё было відавочна. Мне не хацелася і далей заставацца шрубкай у гэтай сістэме.
Віталь кажа, што ў момант выбараў быў у адпачынку. А выйшаўшы ў жніўні з яго, вырашыў адразу ж напісаць заяву на звальненне.
— Былі яшчэ людзі, не згодныя з палітыкай нашых дзяржсмі. Мы ўсе пайшлі на размову да галоўнага рэдактара, ён выслухаў нас і папрасіў даць яму час падумаць, што з усім гэтым рабіць. Мне здалося, а раптам зараз сапраўды што-то зменіцца? — успамінае Віталь. — Пазней галоўны рэдактар паведаміў, што паважае нашу пазіцыю і не будзе ставіць ніякіх перашкод таму, каб мы пісалі заявы на звальненне. У цэлым абстаноўка на працы ў нас была нармальнай, я б працаваў і далей. Галоўнай прычынай сыходу стала менавіта тое, што адбываецца цяпер па віне кіраўніцтва нашай краіны. Так атрымалася, што мы падалі заявы на звальненне разам з маім калегам. Але гэта адзін чалавек, а нехта яшчэ застаўся працаваць у такім незразумелым стане. А што ім рабіць? У многіх усё-такі дзеці, крэдыты. Але і ў тых, хто сышоў, у прынцыпе тое ж самае: ніякага запаснога аэрадрома ні ў каго не было.
Сам Віталь кажа, што ў яго спачатку таксама былі сумневы.
— Але ўжо на наступную раніцу я прачнуўся вольным чалавекам, адчуваў, што магу рабіць што хачу і што ўсё добра, — працягвае суразмоўца. — Натуральна, я захоўваў на чорны дзень невялікую фінансавую падушку, магчыма, нават уяўляў, што калісьці такая сітуацыя можа адбыцца. Потым з'явіліся паведамленні, што некаторыя айцішныя фірмы даюць магчымасць прайсці ў іх навучанне. Я вырашыў гэтым скарыстацца. Пакуль мяне яшчэ нікуды не ўзялі, я праходжу сумоўя. Калі рашэнне будзе станоўчым, пайду атрымліваць новую спецыяльнасць. Тая прафесія, што ў мяне ёсць, ужо памірае, наўрад ці я нешта па ёй знайду. А калі з курсамі не атрымаецца, тады, можа, пайду працаваць будаўніком, рабочым — туды, дзе не патрабуецца разумовая праца. Але цяпер ад усяго таго, што адбываецца такі стрэс, што я наогул не ведаю, што рабіць. Хочацца дачакацца, пакуль усё супакоіцца і вырашыцца. А там і ў мяне нейкае рашэнне з'явіцца.
Міліцыянт: «Калі такое дзеецца з тваімі сябрамі, немагчыма заставацца ад гэтага ўбаку»
Зміцер з Камянца з 2013 года працаваў у Дэпартаменце аховы МУС, быў міліцыянтам-кіроўцам. У якасці асноўнай прычыны свайго звальнення ён называе падзеі, якія адбыліся ў краіне з 9 па 11 жніўня.
— Яшчэ да пачатку ўсіх падзей у мяне была размова з кіраўніцтвам. Я выказваўся пра тое, што, калі мне загадаюць ісці на плошчу кагосьці разганяць, гэта будзе апошні дзень маёй працы. У выніку мяне ні да чаго такога не прыцягвалі, але з-за падзей гэтых трох дзён пераломны момант усё роўна надышоў. Хоць я і далёкі ад усяго гэтага, але тое, што ў нас рабілася, — гэта наогул за рамкамі законнасці. Таму я не захацеў быць датычным да ўсяго гэтага, — кажа Зміцер. — Мяне зачапіла яшчэ і проста па-чалавечы: сябра пасадзілі на 10 сутак за тое, што ён проста побач праязджаў на ровары. З іх ён адседзеў 6, потым яго адпусцілі. Калі такое дзеецца з тваімі сябрамі, У тваёй сям'і, больш немагчыма заставацца ад гэтага ў баку.
Дзмітрый распавядае, што на рашэнне сысці са службы паўплывала шмат фактараў, у тым ліку і стаўленне ўладаў да каронавірусу.
— Усё паступова збіралася, чаплялася адно за другое. Напэўна, ва ўсіх так было, — тлумачыць ён. — Наогул, калі я першапачаткова ішоў у ахову, то хацеў на афіцэрскую пасаду. Мне казалі, што там усё класна, а я быў зялёны, неспрактыкаваны. Але з пасадай не атрымалася, я доўга хадзіў міліцыянтам. Атрымліваецца, сам сябе пераконваў, што нешта зменіцца «сняданкамі» карміў. А як пайшоў — з кожным днём становіцца ўсё лепш. Можа, гэта такі перыяд, калі я адыходжу ад усяго гэтага.
Кіраўніцтва да жадання Дзмітрыя пакінуць службу, па яго словах, паставілася спакойна. Мужчына кажа, што яго крыўдзіць тое, што «міністры і іншыя людзі лічаць нас нейкімі здраднікамі».
— Я дагэтуль не разумею, чаму мяне называюць баязліўцам за маю пазіцыю. Міністр (кіраўнік МУС Юрый Караеў. — заўв. рэд.) сказаў — Юда. Але Юда прадаў свайго Бога за грошы. Я не лічу прэзідэнта Богам, і калі хтосьці лічыць інакш, то гэта іх пытанні. Гэта маё меркаванне, нікога пакрыўдзіць не хачу, — кажа Дзмітрый.
Мужчына распавядае, што пры звальненні яму давялося выплаціць "кантрактныя" - гэта сума, якую супрацоўнік праваахоўных органаў атрымлівае пры заключэнні кантракту і якую трэба вярнуць, калі кантракт скасоўваецца датэрмінова.
— Мне дапамагла ініцыятыва "Сумленныя людзі" і Фонд салідарнасці. Я атрымаў кампенсацыю і ўсё выплаціў, больш дзяржаве нічога не павінен, — каментуе Зміцер. — Цяпер знайшоў IT-курсы і праходжу іх. Шчыра кажучы, радуюся кожнай дробязі, таму што цяпер разумею, наколькі мне там надакучыла.4
finance.tut.by