На мяжы каля Гомеля праз кулю-сувенір затрымалі француза
Больш за месяц таму на прапускным пункце «Новая Гута» Краўцоўскага мытнага блокпоста Гомельскай мытні затрымалі француза, які меў намер выехаць з Беларусі. Прычынай затрымання стаў выяўлены ў яго прадмет «формай падобны на патрон агнястрэльнай зброі з непашкоджаным капсулем і куляй», піша kyky.org.
Уся справа ў тым, што француз падарожнічаў па Еўропе і, перад тым, як прыехаць у нашу краіну, заязджаў у Польшчу. Там яму і падарылі гэты патрон, дакладней, кулю - палякі паднеслі яе ў якасці сувеніра, - пра гэта ў сябе ў Facebook напісала адвакат менскай гарадской калегіі Анастасія Карней, спасылаючыся на французскія СМІ.
Калі верыць пратаколу, пры праходжанні мяжы кулю француз «не паказаў падчас мытнага кантролю і не задэклараваў яе ва ўстаноўленым парадку». Гэта значыць, памежнікі знайшлі яе самі.
Таму, як піша адвакат Карней, цяпер грамадзянін Францыі абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 228 «Кантрабанда» і яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Паводле «Хартыі'97»