«На яго быў сур’ёзны кампрамат». За што Лукашэнка даў выспятка міністру здароўя Піневічу
Крыніцы «Нашай Нівы» разважаюць пра адстаўку міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. Нагадаем, Лукашэнка яго звольніў сёння, 25 студзеня. Пасаду на чале ведамства заняў Аляксандр Хаджаеў.
«Тэрмін прыдатнасці Піневіча падышоў да канца. Ён заслужаны баец, вельмі прадуманы бюракрат-кар’ерыст з някепскай кар’ерай. Ён вайсковы доктар, але працаваў і ў Дзяржкантролі, таму разумее, за што караюць і як караюць. Піневіч працаваў галоўным доктарам у 6-й бальніцы Мінска, узначальваў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, амаль 10 гадоў быў першым намеснікам міністра здароўя. Але вельмі хацеў стаць міністрам чагосьці іншага — напрыклад, працы і сацыяльнай абароны, — узгадвае суразмоўца. — Спрабаваў замяніць Марыяну Шчоткіну (яна была міністаркай працы ў 2009-2016 гадах), але не атрымалася. Піневіч доўга прасядзеў у намесніках [міністра здароўя] Васіля Жарко і быў моцна замазаны, чаму ўласна і хацеў сысці ў іншае міністэрства — на яго быў сур'ёзны кампрамат. Чыноўнікі тады далі дазвол на выкарыстанне нейкіх лекаў без выпрабаванняў. Натуральна, па загадзе зверху, але з подпісам Піневіча. І калі яго прызначалі міністрам, то, я так разумею, тую гісторую пераклалі з папкі «крымінальная справа» ў папку «кантраляваны кампрамат». Піневіч трымаўся за пасаду, бо разумеў, што калі звольніцца, то могуць вярнуць крымінальную справу».
Паводле слоў іншай крыніцы, кандыдатаў на пасаду міністра аховы здароўя і ў 2020-ым было няшмат. Тады Уладзіміра Караніка перавялі ў Гродна, і на вызваленае месца разглядалі літаральна некалькі чалавек — сярод іх Піневіч і іншая намесніца міністра Алена Богдан.
Трэці суразмоўца мяркуе, што цяпер Піневічу не пагражае нічога. «Ён жа паводзіў сябе так, як патрабавала ўлада. З аднаго боку, ніякіх дасягненняў не было. Ну але якія яны могуць быць пры масавым ад'ездзе медыкаў? Але і не сказаць, што Піневіч нешта заваліў. Нават калі пайшлі ўсе гэтыя «медыцынскія» крымінальныя справы — як з тымі ж артапедамі, яму гэта ў віну не ставілі. Прынамсі, ніяк не каралі. Таму адстаўка абсалютна планавая. Усю другую палову 2023 года ўсе ў сістэме ведалі, што Піневіча прыбіраюць».