На дваіх супрацоўнікаў культцэнтра «Корпус» завялі крымінальную справу. Яны не выйшлі на волю пасля сутак
Супраць супрацоўнікаў культурнага цэнтра "Корпус" Аляксандра Багданава і Максіма Крука, якія не выйшлі на волю пасля 10-дзённага адміністрацыйнага арышту, завялі крымінальную справу аб грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК), паведамляе "Вясна".
Нагадаем, 2 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі дырэктара культурнага цэнтра "Корпус" і дыджэя Аляксандра Багданава, сцэнографа Максіма Крука і арганізатара культурных мерапрыемстваў Лізавету Неўмяржыцкую.
На ўсіх траіх склалі пратаколы аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (частка 2 артыкула 19.11 КаАП). У судзе Савецкага раёна Мінска пратакол адправілі на дапрацоўку. Пазней усіх траіх асудзілі за непадпарадкаванне міліцыянту (артыкул 23.4 КаАП). Багданаву і Круку далі 10 сутак арышту, а Неўмяржыцкай — 8 сутак.
Падчас нядзельных маршаў у жніўні і восенню 2020 года дыджэй Аляксандр Багданаў, вядомы як "Папа Бо", хадзіў з дыджэйскім пультам, граў музыку і запісваў гэта на відэа.
Пад адным з іх у апісанні пазначана: "Мабільная саўндсістэма #пратэсТАНЦЫ прайшла з гадзінным музычным маршам па цэнтры Мінска. Вымушаныя канстатаваць, што ў гэты дзень настроі вуліцы змяніліся з святочных на насцярожаныя. Ужо праз паўгадзіны практычна па ўсім маршруце пачаліся жорсткія затрыманні і разгоны ўдзельнікаў маршу".
Паводле mediazona.by