На беларуска-польскай мяжы наспявае чарговы мігранцкі крызіс

Рэжым Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў для ціску на Еўропу.

Мігранты штурмуюць беларуска-польскую мяжу ў 2021 годзе. Фота: «Reuters»

Мігранты штурмуюць беларуска-польскую мяжу ў 2021 годзе. Фота: «Reuters»


Колькасць нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перасячы беларуска-польскую мяжу, за апошнія дні прыкметна вырасла — пра гэта паведамляюць у польскай Памежнай службе. У Варшаве заяўляюць, што нягледзячы на захады, уведзеныя пасля вострага крызісу год таму, маршрут па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца, піша тэлеканал «Euronews».
Конрад Швед, прадстаўнік памежнай службы:
«За апошні аперацыйны дзень мы зафіксавалі 124 спробы нелегальна перасячы мяжу з Беларусі ў Польшчу. Гэта ўчасткі мяжы, дзе ёсць рэкі або рачныя затокі. Вельмі часта для гэтага выкарыстоўваюцца пантоны».
Гуманітарныя арганізацыі надзвычай занепакоеныя станам мігрантаў, якім даводзіцца перасякаць мяжу паміж краінамі. Ужо пачаліся халады, і выглядае на тое, што з боку беларускіх уладаў мала хто цікавіцца становішчам захраслых на мяжы людзей.


Мар'яна Вартэцка, фонд «Выратаванне»:
«Мы, як і іншыя арганізацыі, якія працуюць на польска-беларускай мяжы, атрымліваем ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень выклікаў, просьбаў аб дапамозе кожны месяц. Людзі, якія перасякаюць мяжу ў халодны час, вельмі ўразлівыя і рызыкуюць сваім здароўем і жыццём. У тых умовах, якія там склаліся — у дзікіх лясах, азёрах, рэках, балотах — лёгка можна стаць ахвярай гіпатэрміі, асабліва калі людзі не ведаюць пра гэтыя ўмовы, у іх няма рыштунку і яны да такога не гатовыя».
Многія за гэты час страцілі сваякоў і знаёмых. Іх пошукамі займаецца Міжнародны Чырвоны Крыж.
Міхал Мікалайчык, МКЧК:
«Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў чалавечых жыццяў. Мінімум некалькі дзясяткаў сем'яў напалоханыя, баяцца і шукаюць іх. Сярод тых, хто перасякае беларуска-польскую мяжу, прадстаўленыя выхадцы з больш чым 80 краін і рэгіёнаў. Так што ў гэтым удзельнічаюць на самай справе некалькі дзясяткаў асацыяцый Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца».
Магдалена Хадоўнік, «Euronews»:
«Некалькі дзён таму ў рацэ было знойдзена цела зніклага мужчыны. Яго апазналі і пахавалі ў Польшчы. Набліжаецца зіма, і ўмовы ў лясах вакол мяжы становяцца ўсё больш і больш цяжкімі».


Нагадаем, паводле інфармацыі польскіх СМІ, рэжым Лукашэнкі трымае на мяжы каля 800 мігрантаў, якім не даюць вярнуцца назад. Сярод іх ёсць жанчыны і дзеці. Гэтыя людзі не маюць доступу да пітной вады і ежы, па начах, якія зараз сталі халоднымі, ім няма дзе схавацца.
Гэтаксама актыўныя спробы нелегальна перасячы мяжу пачасціліся і на літоўскім кірунку. Там таксама «разварочваюць» вялікія групы людзей. У літоўскай Памежнай службе сцвярджаюць, што беларускія чыноўнікі дагэтуль актыўна спрыяюць нелегальнай міграцыі ў Літву праз тэрыторыю Беларусі.