На БелАЭС усталявалі корпус рэактара
На Беларускай АЭС вечарам 1 красавіка ўсталявалі корпус рэактара для першага энергаблока станцыі, паведамляе прэс-служба расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам".
Перад устаноўкай члены камісіі, у якую ўваходзілі прадстаўнікі кампаніі "АСЭ” (уваходзіць у інжынірынгавыя дывізіён "Расатама”) і спецыялісты БелАЭС праверылі ўсю суправаджальную дакументацыю адносна гэтага абсталявання. Тэхнікі з дапамогай вымяральных прыбораў праверылі сам корпус рэактара.
Пасля працэдуры пацвярджэння якасці абсталяванне дазволілі мантаваць. Адзінаццаціметровы 330-тонны корпус рэактара паднялі на транспартны партал і перамясцілі ў цэнтральны зал па рэйках. З дапамогай палярнага крана абсталяванне ў вертыкальным становішчы замацавалі на апорным кальцы ў рэактарнай шахце.
Старэйшы віцэ-прэзідэнт па кіраванні праектамі кампаніі "АСЭ” Сяргей Алонцаў назваў устаноўку корпуса рэактара "адной з ключавых падзей на этапе збудавання энергаблока”. "Усталяваны ў праектнае становішча корпус рэактара з’яўляецца адпраўной кропкай для правядзення работ па мантажы галоўных цыркуляцыйных трубаправодаў рэактарнай устаноўкі”, — пазначыў ён фронт далейшай працы па ўзвядзенні Беларускай АЭС.
Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года.
Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
belapan.by