Драўляным хмарачосам у Мінску далі зялёнае святло
Прыклад скандынаўскіх краін раіць узяць на ўзбраенне сталіцы Беларусі намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч. Засталося пераканаць грамадзян і знайсці забудоўшчыка.
— Лічу, Мінску самы час узяць на ўзбраенне вопыт, да прыкладу, скандынаўскіх краін, у якіх ужо разгарнулася свайго роду спаборніцтва па ўзвядзенні хмарачосаў з драўляных канструкцый. У прыклад магу прывесці таксама Аўстрыю: калі ў жалезабетонным зборным жылым будынку выкарыстоўваюць драўляныя вонкавыя панэлі, гэта значна палягчае канструкцыю. Калі з'явяцца ідэі аб узвядзенні ў Мінску драўляных хмарачосаў, створым самыя спрыяльныя ўмовы ў плане тэхнічнага нармавання праектаў, — сказаў чыноўнік на адкрыцці выставы «Драўлянае і каркаснае домабудаванне».
Паводле яго слоў, у сталіцы, і ў прыгарадах асабліва, добрая атмасфера для развіцця драўлянага домабудавання, перадае агенцтва «Мінск-навіны».
Семянкевіч адзначае, што драўляныя хаты даўгавечныя і экалагічныя, яны таксама значна танней цагляных будынкаў.
— Іншае пытанне, што сёння ў спажыўцоў існуе меркаванне: дом каменны альбо цагляны і надзейней, і даўгавечней, і камфортней за драўляны.
У Вене ў 2016 годзе пабудавалі драўляны хмарачос «HoHo». Яго вышыня 84 м. З дрэва выканана 76% будынка. Як адзначае greenevolution.ru, звычайна такая частка ў працэнтных суадносінах адводзіцца пад бетон.
У незвычайным хмарачосе размесцяць апартаменты, гатэль, велнес-цэнтр, офісы і рэстаран. Архітэктары сцвярджаюць, што выкарыстанне драўніны замест бетону дазволіць пазбегнуць выкіду ў атмасферу 2800 тон вуглякіслага газу СО2, што эквівалентна праезду на аўтамабілі каля 40 км кожны дзень на працягу 1300 гадоў.
Зялёны партал распавядаў пра ўзвядзенне ў нямецкім горадзе Гейдэльберг жылога мікрараёна «Heidelberg Village» па стандартах пасіўнага домабудавання. Чакаецца, што ўдзельны расход энергіі на ацяпленне ў такіх будынках не будзе перавышаць 15 кВт * г / м2 у год.
А вось італьянскі архітэктар прыдумаў «вертыкальны лес», які дапаможа выратаваць горад ад смогу. Стэфан Баэры засаджвае шкляныя хмарачосы дрэвамі.
Паводле greenbelarus.info