На аднаўленне даху Будслаўскага касцёла не хапае яшчэ 300 тысяч рублёў

Ужо накрылі амаль 60 працэнтаў даху Будслаўскага касцёла. Работы працягнуцца, пакуль будзе дазваляць надвор’е.

00_d27afecba0e1e5169641281695e75bddf7b58f0a.jpg.webp

Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў «Народнай Волі» пра тое, як ідзе аднаўленне касцёла.

Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі — абраз Маці Божай Будслаўскай. Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства — выгараў і абваліўся дах.

Ужо ў дзень пажару распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёла, і ахвяраванні працягваюць паступаць да гэтага часу.

На сёння (23 верасня) ужо накрылі амаль 60 працэнтаў даху, — кажа ксёндз Дзмітрый Дубовік. Працы вядуцца не толькі наверсе, але і ўнутры касцёла. Работы працягнуцца, пакуль будзе дазваляць надвор’е. Але дах рабочыя дакладна накрыюць да наступлення халадоў.

На гэты момант грамадскасць назбірала на аднаўленне даху прыкладна 1.045.000 рублёў.

— Гэтага недастаткова, — адзначае Дзмітрый Дубовік.Не хапае яшчэ прыкладна 300 тысяч рублёў.

Прычыны пажару пакуль названы не былі. Паводле слоў святара, адпаведныя органы, якія займаюцца расследаваннем, ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не давалі.