Ні працы, ні грошай
Работнікам бялыніцкага прадпрыемства не заплацілі за працу ў шкодных умовах.
Работнікам бялыніцкага прадпрыемства не заплацілі за працу ў шкодных умовах.
Летам у бялыніцкай раённай газеце «Зара над Друццю» з’явілася абвестка: «ООО «Белспецлит» требуются рабочие следующих специальностей: формовщик,
литейщик металла, электрик, электрогазосварщик, подсобные рабочие. Обучение, высокий уровень оплаты, полный соцпакет. Справки по тел. 8-029-217-78-41, Валерий Анатольевич. УНН 790625466».
Пра новую фірму-інвестара, што пачала працаваць у Бялыніцкім раёне, паведаміў і інтэрнэт-сайт Бялыніцкага райвыканкама.
Высветлілася, што прадпрыемства сапраўды пачало працаваць у нашым раёне, адчыніўшы невялікі цэх адразу за ветсанзаводам у вёсцы Мяльнік.
Жадаючых працаўладкавацца спакушалі высокімі заробкамі, якія быццам бы збіралася плаціць за работу на прадпрыемстве. Рабочым прапаноўвалі прайсці выпрабавальны тэрмін на працягу месяца, прычым ніякіх
запісаў у працоўныя кніжкі пры гэтым не рабілася. Пры прыёме на працу наогул не афармляліся ніякія дакументы, папросту дадзеныя жадаючых працаваць заносіліся ў нейкі спіс, дзе пазначаліся кантакты.
Заработную плату ў перыяд выпрабавальнага тэрміна абяцалі плаціць у памеры 700 тысяч рублёў, а пасля яго заканчэння ліцейшчыкі і фармоўшчыкі быццам бы маглі атрымліваць ужо 1,3–1,5 мільёна
рублёў. Працаваць людзі павінны былі вахтавым метадам.
Шмат хто з бялынічан паверыў гэтым абяцанням. Выказаў жаданне ўладкавацца на працу ў «Белспецлит» і мой сябар Андрэй І. Дзякуй Богу, што мне тады ўдалося адгаварыць яго, бо
работнікі працавалі там папросту ў жудасных умовах: высокая тэмпература каля індукцыйных печак, задымленасць, адсутнасць усялякага вентыляцыйнага абсталявання, магчымасць атрымаць вытворчую траўму
пры ліцці нарыхтовак. Памятаю, што мяне тады яшчэ здзівіла, як нашы шматлікія кантралюючыя органы далі дазвол на адкрыццё прадпрыемства, куды глядзіць санстанцыя і служба аховы працы Бялыніцкага
раёна?
Пра гэта мы ўжо наўрад ці даведаемся, бо прадпрыемства ў Мельніку знікла гэтак жа раптоўна, як і з’явілася. А ўсе яго работнікі апынуліся каля разбітага карыта, не атрымаўшы за сваю працу ні
капейкі (а многім «Белспецлит» вінаваты па некалькі мільёнаў рублёў).
Зараз былыя працаўнікі прадпрыемства ходзяць па розных інстанцыях, спрабуючы дабіцца, каб ім выплацілі заробленыя грошы. Звярнуліся яны па дапамогу і ў суд Бялыніцкага раёна.
Аднак ужо зразумела, што дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў ім будзе вельмі складана. Справа ў тым, што былыя работнікі прадпрыемства ніяк не могуць дакументальна пацвердзіць, што яны сапраўды
працавалі ў «ООО «Белспецлит», бо прымалі іх на працу з парушэннем заканадаўства без усялякага афармлення дакументаў. Але хтосьці ж даў дазвол на працу гэтага прадпрыемства
і павінен быў кантраляваць яго работу?
Барыс Вырвіч