МЗС Літвы: Лячыць беларусаў у санаторыі «Belorus» можна па ўхваленні Офіса Ціханоўскай
Друскінінкайскі санаторый «Belorus», якім кіравала Упраўленне справамі прэзідэнта Беларусі, скардзіцца, што Літва не выдае візы грамадзянам Беларусі, таму яны вымушаны звольніць чвэрць персаналу. Міністэрства замежных спраў Літвы прапануе ўзгадняць спісы тых, хто прыязджае ў санаторый, з Офісам Святланы Ціханоўскай.
«Мы прапануем санаторыю «Belorus» звяртацца ў Офіс Ціханоўскай, прадстаўляць яму спіс грамадзян Беларусі, якія маюць намер прыехаць на лячэнне, і атрымліваць яго дазвол на прыезд гэтых людзей», — цытуе «Delfi» каментар МЗС. «Пасля атрымання ўхвалення Офіса Ціханоўскай і рэкамендацый МЗС гатовы разгледзець пытанне выдачы віз», — піша МЗС.
17 кастрычніка санаторый «Belorus» паведаміў службе занятасці аб тым, што бліжэйшым часам звольніць каля 60 работнікаў (1/4 усяго персаналу). Як распавёў тады BNS кіраўнік і галоўны ўрач Ілля Епіфанаў, санаторый вымушаны скараціць персанал, паколькі МЗС спыніў выдачу віз беларускім грамадзянам, у тым ліку непаўналетнім, з пачаткам вайны з Украінай.
«Проста МЗС Літвы не згаджаецца быць пасрэднікам у выдачы віз для ўезду ў Літву», — распавёў BNS кіраўнік санаторыя. Паводле яго слоў, у цяперашні час санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краін Еўрасаюза.
Планавае скарачэнне супрацоўнікаў санаторыя ўжо другое сёлета — у чэрвені быў звольнены 51 чалавек: медсёстры, выхавальнікі, настаўнікі, фізіятэрапеўты.
У канцы 2020 года Еўрапейскі саюз увёў санкцыі ў дачыненні да Галоўнага эканамічнага ўпраўлення (ГЭУ), у падпарадкаванні якога знаходзіўся санаторый. ГЭУ знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі. У сярэдзіне чэрвеня 2021 года санаторый быў перададзены Рэспубліканскаму цэнтру грамадскага здароўя і санаторна-курортнага лячэння Беларусі.
Праз санкцыі Swedbank замарозіў рахункі санаторыя, яны былі разблакіраваны ў ліпені мінулага года.