Падстава? Беларускіх вайскоўцаў паслалі на ўкраінскую мяжу з чырвонымі павязкамі
Узброеныя сілы Беларусі «працягваюць выконваць задачы па ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы»: супраць магчымых «правакацый і дыверсантаў» прыгналі БТР, узялі аўтаматы, гранатамёты, дрон. Пра гэта расказала Міністэрства абароны Беларусі 17 кастрычніка, але дзе менавіта знаходзяцца вайскоўцы, не паведамілі.
На адным з фота, апублікаваным Мінабароны, прыкметна, што на руках беларускіх вайскоўцаў — чырвоныя павязкі. Але такія павязкі — не частка формы. Іх выкарыстоўваюць на вайне ва Украіне абодва бакі, яны адрозніваюцца колерам, тлумачаць «Белнавіны».
Чырвоныя павязкі на руках беларускіх вайскоўцаў ужо бачылі: у сакавіку 2020 года яны вярталіся з такімі павязкамі пасля «ўзмацнення мяжы на паўднёвым кірунку». Таксама чырвоныя павязкі бачылі на вайскоўцах у машынах з беларускімі нумарамі, якіх звозілі ў бок Украіны 28 лютага. Якраз у лютым-сакавіку расійскія войскі атакавалі Украіну з тэрыторыі Беларусі; тады баяліся, што і беларускіх вайскоўцаў пашлюць на гэтую вайну.
У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну расійскія войскі выкарыстоўвалі пераважна белыя і чырвоныя павязкі. Расійскі сайт «Простымі словамі» сцвярджае, што чырвоныя павязкі носяць байцы «народнай міліцыі» самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а расійскія вайскоўцы носяць белыя павязкі.
Украінскі вайсковы аглядальнік Міхайла Жыхараў кажа, што чырвоныя павязкі «былі і ёсць дагэтуль» менавіта ў расійскіх вайскоўцаў ва Украіне, а белыя цяпер акурат у «міліцыі ДНР». Але афіцыйных распараджэнняў расійскага Генеральнага штаба пра гэта ён не бачыў: толькі па факце зразумела, што значаць гэтыя павязкі.
Украінскія вайскоўцы носяць жоўтыя, сінія і зялёныя павязкі. Гэта, кажа Жыхараў, вырашаецца на ўзроўні Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, і колеры павязак мяняюць праз пэўны час, каб праціўнік не ведаў, што і калі яны азначаюць.
Такія павязкі — не частка ваеннай формы, выкарыстоўваюцца толькі на фронце, каб адрозніваць свайго ад праціўніка падчас бою. Па-за зонай баявых дзеянняў такія павязкі звычайна не выкарыстоўваюць, іх не апранаюць нават на вучэннях на мяжы.
Чырвоныя павязкі на беларускіх вайскоўцах з'яўляюцца надзвычай рэдка — звычайна ў сувязі з вайной ва Украіне. А цяпер якраз працягваецца разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі.
Жыхараў пацвярджае: каляровыя павязкі апранаюць менавіта тады, калі чакаюць, што прыйдзецца страляць па людзях, а не ў якіх-небудзь іншых выпадках.
Мажліва, загад апрануць такія павязкі разлічаны на ўкраінскіх вайскоўцаў, што знаходзяцца на мяжы з Беларуссю. Калі яны ўжо ваявалі супраць «чырвонапавязачнікаў», то, можа быць, не будуць разбірацца, і адкрыюць па іх агонь у цвёрдай упэўненасці, што гэта расійскія войскі рыхтуюцца перайсці мяжу. І гэта будзе тым самым фактарам, які пацвердзіць «агрэсію Украіны» і дазволіць уцягнуць беларускае войска ў поўнамаштабны ўдзел у вайне ва Украіне.
Цікава адно: хто прыдумаў такія павязкі для беларусаў? Нашыя генералы альбо…?