«Мы працуем з імі за адным сталом». Польскі IT-бізнэс заступіўся перад Тускам за беларускіх айцішнікаў

Польская асацыяцыя распрацоўшчыкаў праграмнага забесьпячэньня (SoDA) апублікавала зварот да прэм'ер-міністра краіны Дональда Туска ў адказ на яго нядаўні выпад у бок беларускіх айцішнікаў. У SoDA ягоныя словы назвалі абразлівымі і несправядлівымі і заклікалі стварыць спрыяльнае асяроддзе для беларускіх IT-кампаній і спецыялістаў, піша MOST.

Ілюстрацыйны здымак. Unsplash

Ілюстрацыйны здымак. Unsplash

Што Туск сказаў пра беларусаў

16 чэрвеня Дональд Туск апублікаваў твіт, у якім намякнуў на сувязь беларускіх праграмістаў, якія пераехалі ў Польшчу па галіновай візавай праграме Poland. Business Harbour (PBH), з расейскай агентурай.

«Такім чынам, яшчэ раз. Яны ўвозілі Сотні тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі (пры выпадку зарабляючы на ​​візах), а таксама расійскіх і беларускіх «айцішнікаў», дапамагаючы ў будаўніцтве замежнай агентуры. Прыкрыць гэта хочуць расісцкай прапагандай. Разлічваюць на кароткую памяць і гучнасць свайго крыку», — напісаў Туск у сацсетцы Х, маючы на ўвазе, мабыць, папярэднюю кіруючую партыю «Права і справядлівасць» («ПіС»).

Глядзіце таксама

Як на гэтыя словы адрэагавалі ў SoDA

У SoDA заявілі, што гэтае выказванне выклікала ў IT-асяроддзі «турботу, заклапочанасць і шмат негатыўных эмоцый», а большасць IT-адмыслоўцаў успрынялі яго як абразлівае і несправядлівае.

Прадстаўнікі асацыяцыі звярнулі ўвагу прэм'ера на важнасць IT-галіны для польскай эканомікі. Аб'ём польскага IT-рынку ўжо перавысіў 100 млрд. злотых і можа дасягнуць 140 млрд. злотых па выніках 2024 года, галіна забяспечвае 8% ВУП Польшчы.

Адначасова SoDA агучыла праблему пошуку IT-адмыслоўцаў на ўнутраным рынку. І нагадала, што адным з яе рашэнняў было прыцягненне высакакласных адмыслоўцаў з-за мяжы, у тым ліку па праграме PBH.

«Беларускія спецыялісты IT-сектара прыўнеслі ў Польшчу не толькі свае здольнасці і веды, але таксама досвед, атрыманы ў міжнародных праектах. Дзякуючы ім польскія кампаніі атрымліваюць доступ да найноўшых тэхналогій і метадаў працы, што дазваляе ім больш эфектыўна канкураваць на глабальным рынку», — гаворыцца ў звароце SoDA.

Прадстаўнікі асацыяцыі падкрэслілі таксама, што падтрымка беларускіх IT-спецыялістаў і тэхналагічных кампаній« з'яўляецца не толькі маральным абавязацельствам, але і стратэгічнай інвестыцыяй у будучыню нашай эканомікі».

Інтэграцыя гэтых спецыялістаў у польскі рынак працы ўзаемавыгадная, паколькі стварае новыя працоўныя месцы і стымулюе рэалізацыю інавацыйных праектаў.

«Для нас, IT-галіны, [беларусы] — гэта калегі, з якімі мы працуем за адным сталом і перасякаемся ў калідоры», — падкрэслілі ў SoDA.

Прадстаўнікі асацыяцыі таксама адзначылі, што больш за 100 тыс. беларусаў атрымалі ВНЖ у Польшчы, у тым ліку амаль 40 тыс. — пастаянны, а тысячы беларусаў штогод атрымліваюць польскае грамадзянства.

І што зараз

Хаця зварот SoDA да прэм'ера вельмі камплементарны ў дачыненні да беларускіх IT-спецыялістаў, канкрэтных рашэнняў ён не ўтрымлівае. Разам з тым асацыяцыі лічыць неабходным сумесна стварыць спрыяльнае асяроддзе для беларускіх IT-кампаній і спецыялістаў і падтрымліваць ініцыятывы, скіраваныя на іх інтэграцыю, а таксама павышэнне тэхналагічнай прывабнасці Польшчы. Магчыма, маецца на ўвазе праграма, якая можа стаць альтэрнатывай зачыненай у пачатку года Poland. Business Harbour.

«Мы просім крыху большай асцярожнасці ў словах аб IT-галіне, а таксама падтрымкі ў прыцягненні замежных талентаў, якіх ужо зараз не хапае на нашым рынку. Надзвычай важна падвышаць дасведчанасць аб тым, якую працаёмкую, стомную і высока кваліфікацыйную працу выконваюць IT-адмыслоўцы. Словы прэм'ера аказваюць вялікі ўплыў на стварэнне наратыву, а такім чынам, і на распаўсюджванне ілжывых меркаванняў аб IT-індустрыі», — заяўляюць аўтары звароту.