Музей ахвяраў сталінізму замест “Бульбаш-хола”

Для грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” галоўнай падзеяй адыходзячага года стала першая ў найноўшай гісторыі Беларусі дакументальна-мастацкая выстава “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, што адбылася ў сталічным Палацы мастацтва з 13 па 17 лістапада.



kurapaty_vystava_naviedniki_logo.jpg

На выставе, зладжанай разам з суполкай “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў і іншымі структурамі грамадзянскай супольнасці, экспанаваліся выяўленчыя, пісьмовыя і рэчавыя матэрыялы, што сведчаць пра пакуты нацыі і мінулае Курапатаў, а таксама мастацкія творы па гэтай тэматыцы.

Пра рэакцыю грамадства на выставу, між іншым, сведчаць і запісы наведнікаў у кнізе заўвагаў і прапановаў. Пагартаем яе разам з вамі, шаноўныя чытачы, і звернемся, у першую чаргу, да допісаў сваякоў бязвінных ахвяраў сталінізму.

Вялікі і шчыры дзякуй стваральнікам гэтай шчымлівай выставы! Дзякуй, што захоўваеце памяць аб нашах продках-пакутніках. Пакуль памятаем  — маем будучыню. Юрый Вельтнер, унук рэпрэсаваных”. Дарэчы, дзед вядомага беларускага журналіста Юрыя Вельтнера — намеснік кіраўніка Заходнесібірскага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі СССР Шандар Вельтнер — быў арыштаваны па даносе ў 1937 годзе ў Навасібірску (Расія). Аднак да гэтага часу не вядома, дзе ён быў расстраляны па загаду Іосіфа Сталіна і Кліма Варашылава. А бабуля спадара Юрыя, Аляксандра Аляксееўна Кузняцова, адбывала пакаранне ў знакамітым Акмолінскім лагеры жонак ворагаў народу ГУЛАГу, а пасля вызвалення пажыла менш за поўгода. Шандар і Аляксандра былі рэабілітаваныя ў гады хрушчоўскай адлігі.

Шкада, што так мала дзён адвялі на гэтую важную выставу. Трэба, каб больш людзей паглядзелі на гэты жах і задумаліся, і памаліліся. Мой прадзед быў арыштаваны ў Менску ў 1944 годзе, куды звезлі, і дзе ляжыць — невядома. Рэабілітаваны. Кур’ян Ірына, унучка рэпрэсаваных”.

З просьбай знайсці сляды арыштаванага энкавэдыстамі напярэдадні Другой сусветнай вайны свайго дзеда Іосіфа (Язэпа) Ранцэвіча — лясніка з вёскі Савічы, што на Капыльшчыне ў Мінскай вобласці, звярнуўся да нас мінчук Валер Ранцэвіч.

“Дзякую за выставу ад усёй нашай вялікай сям’і. Там ляжаць вядомыя нам сястра і брат майго дзядулі Стэфа і Себасцьян Доўнары-Запольскія. З павагай ад сям’і. М.Доўнар-Запольская”. Дарэчы, толькі сыход у лепшы свет 30 верасня 1934 году выратаваў ад арышту і сталінскага ГУЛАГу выбітнага беларускага навукоўцу, заснавальніка нацыянальнай гісторыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага, якога савецкія ўлады лічылі афіцыйным гісторыкам нацдэмаў.          

Цікавы допіс пакінула ўнучка рэпрасаваных Адама Кіселя (Мінск, 1937) і Антона Лаўчыноўскага (Петразаводск, Карэлія, Расія, 1944) Ганна Лаўчыноўская: “Прыйшоў час гаварыць праўду. Чаму ўся інфармацыя пра ахвяраў па-ранейшаму закрытая??? Адкрыйце архівы!  Дайце шанец моладзі дазнацца праўды!”

Вядомы беларускі журналіст Сяргей Ваганаў, якія таксама наведаў выставу, як бы падсумаваў выказанае вышэй: “Галоўным накірункам дзейнасці па вяртанні Курапатаў у грамадскае жыццё і грамадскую свядомасць лічу высвятленне імёнаў ахвяраў сталінізму, расстраляных у гэтым урочышчы. А дзеля гэтага настойліва дамагацца ад КДБ раскрыцця расстрэльных спісаў”.

Гэтыя меркаванні падзяляе і грамадзянская супольнасць Беларусі. Вось чаму разам з судамі ў абарону Курапатаў і распаўсюдам ведаў пра нацыянальны некропаль узнаўленне імёнаў і лёсаў курапацкіх ахвяраў будзе прыярытэтам для грамадзянскай ініцыятывы.

Наведнікі выставы паднялі яшчэ адну важную праблему, ад вырашэння якой залежыць дэмакратычная будучыня Беларусі. Гаворка ідзе пра пытанне грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел людзей у злачынствах таталітарнага рэжыму.  

Вось як пра гэта напісаў мінчук Мечыслаў Бурак: “Беларусь ёсць сэрцам Еўропы. Ад яе цывілізацыйнага выбару залежаць лёсы еўрапейскай прасторы і чалавецтва. Аднак пакуль беларускае грамадства не ўсвядоміць і не асудзіць жудасных злачынстваў Леніна-Сталіна-бальшавікоў і іх паплечнікаў, якія ўчынілі небывалы ў гісторыі люты дзяржаўны тэрор супраць чалавечай прыроды, дык датуль нішто не дапаможа нам “людзьмі звацца”.   

На гэтым загорнем кнігу заўвагаў і прапановаў наведнікаў выставы пра Курапаты і падагулім працу грамадзянскай ініцыятывы, заснаванай 13 снежня 2013 году.   

Дзякуючы сістэмнай дзейнасці экспертаў у абарону Курапатаў цягам апошніх двух гадоў, народны мемарыял пачаў вяртацца ў масавую свядомасць беларусаў, а дзяржава вымушана была зацвердзіць сталы праект зонаў аховы народнага мемарыялу, увесці “Дарогу смерці”, па якой у 1930-я гады людзей вазілі ў “чорных варанках” з Мінска ва ўрочышча на расстрэл, у ахоўную зону гэтай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Рэстаранна-забаўляльны комплекс з абразлівай для беларусаў назвай “Бульбаш-хол”, незаконна і самавольна ўзведзены ў ахоўнай зоне Курапатаў з іх заходняга боку, не адчыняецца вось ужо чацвёрты год. Пайшла пагалоска, што гаспадары “Бульбаш-холу” гатовыя пазбавіцца ад гэтага забаўляльнага цэнтру, аднак яго ніхто не купляе.

Можа, выхадам з гэтай сітуацыі была б перадача будынкаў “Бульбаш-холу” пад грамадскі Музей ахвяраў сталінізму? Менавіта такім крокам бізнэсоўцы прадэманстравалі б сваё паважлівае стаўленне да памяці беларускага народу пра яго лепшых сыноў і дачок.