Маладыя мамы ў Віцебску стварылі суполку і фонд у падтрымку жанчын на мяжы аборту

«Мама, я хачу нарадзіцца!» выстава пад такой назвай будзе доўжыцца ў арт-цэнтры VZAP да 10 студзеня. Яе арганізатар ініцыятыўная суполка «Лінія жыцця» па падтрымцы цяжарных жанчын, якія знаходзяцца на мяжы аборту.



img_8115_images_149_thumb_large.jpg

Погляд на цяжарнасць і мацярынства адлюстраваны ў карцінах дзяцей, студэнтаў мастграфу, прафесійных мастакоў. Дарэчы, самымі першымі, літаральна праз тыдзень пасля абвяшчэння конкурсу, свае працы даслалі дзеці з Рагачоўскага раённага цэнтру творчасці дзяцей і моладзі (Гомельская вобласць). На шмат якіх малюнках — вялікая сям'я як увасабленне сямейнага цяпла і ўтульнасці. Нямала цікавых твораў прадставілі навучэнцы гімназіі №3 Віцебску.

img_8112_images_149_thumb_large.jpg

– Немагчыма перадаць словамі адчуванне шчасця, калі ты ўпершыню трымаеш на рукох сваё немаўля! У пэрыяд мацярынства, асабліва ў першыя гады жыцця дзіцяці, выяўляецца незвычайная цеплыня, якой карціць падзяліцца з усімі. Хочацца, каб такое ж пачуццё зазналі і тыя цяжарныя жанчыны, якія сёння сумняваюцца, ці варта зьяўляцца на свет іх малютцы. Менавіта з гэтай мэтай і стваралася гэтая выстава, – падзялілася ідэйны натхняльнік імпрэзы маладая мама Кацярына Ходас.

На адкрыцці экспазіцыі прызы ўручылі і пераможцам акцыі «Калі я з'яўлюся на свет», якую напярэдадні таксама зладзіла ініцыятыўная суполка «Лінія жыцця». Дарэчы, усе яе актывісткі – мамы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.

— На гэты фотаконкурс бацькі дасылалі кранальныя фатаграфіі сваіх дзетак з надпісам: «Калі я з'яўлюся на сьвет, то...». Працяг гэтай фразы ў кожнага свой: буду тваім шчасцем, падтрымаю цябе ў кожнай сітуацыі і гэтак далей. Гэта зроблена дзеля таго, каб паказаць, колькі шчасця і радасці ў нашае жыцьцё прыносяць дзеці! — распавяла двойчы мама Ганна Малахоўская, ініцыятар стварэння суполкі «Лінія жыцця». — Дарэчы, у нас створаны фонд дзіцячых рэчаў, вазкоў, ложачкаў, пасьцельнай бялізны і іншага неабходнага дзецям — дамо ў часовае карыстанне. Калі трэба жытло, дапаможам і ў гэтым.

img_8132_images_149_thumb_large.jpg

Выстава «Мама, я хачу нарадзіцца!» завершыцца 10 студзеня ва Ўваскрэсенскім храме Віцебску. Тут а 16:00 адбудзецца акцыя «Запальванне сьвечкі» ў памяць пра дзяцей, якія не толькі сышлі з жыцця праз хваробу або нейкі няшчасны выпадак, але і ў памяць пра тых, каму не пашчасціла нарадзіцца.

Алена Алімава, «Витебские вести»