Мода на вышыванкі: крокі да беларускасці

Беларускасць выходзіць з «дэмакратычнага гетта» на шырокія грамадскія колы. Вышыванкі ды «вышымайкі» (іх больш таннае ды сучаснае ўвасабленне) сталіся сімвалам новага подыходу да ўсяго беларускага: не як да сялянскага, «тутэйшага», і не як да вузкапалітычна-апазіцыйнага, а як да моднага, прасунутага ды сучаснага моладзевага стылю.   



korzh_u_vyszyvancy.jpg

Макс Корж разам з жонкай і дачкой

«Макс Корж адзеў у вышыванкі ўсю сваю сям’ю» — такая навіна з’явілася з нагоды выхаду новага альбома «Домашний», дзе на вокладцы спявак са сваёй жонкай і дачкой апранутыя ў традыцыйныя беларускія строі.  Можна спрачацца пра мастацкую вартасць творчасці Каржа, але ж фактам застаецца тое, што зараз гэта бадай што самы папулярны беларускі артыст (як на радзіме, так і за мяжой), прычым артыст незалежны. Ён — адзіны беларус, які сабраў найвялікшую пляцоўку краіны («Мінск-Арэну», каля 15 000 гледачоў). І яго паводзіны, з аднаго боку, уплываюць на светапогляд вялікай колькасці маладых беларусаў, а з іншага — гэты светапогляд і адлюстроўваюць. 
Апошнім часам мода на вышыванкі крочыць па краіне. Вялікую ролю тут выконвае незалежная культурніцкая пляцоўка «Арт-Сядзіба» і блізкі да яе камерцыйны праект Symbal.by, які ў сучасным выглядзе распаўсюджвае адзенне ды рэчы з нацыянальнай беларускай сімволікай. 
Адно з самых вялікіх дасягненняў такой дзейнасці — выхад папулярнасці беларускасці з «дэмакратычнага гетта» на шырокія грамадскія колы. Вышыванкі ды «вышымайкі» (іх больш таннае ды сучаснае ўвасабленне) сталіся сімвалам новага подыходу да ўсяго беларускага: не як да сялянскага, «тутэйшага», і не як да вузкапалітычна-апазіцыйнага, а як да моднага, прасунутага ды сучаснага моладзевага стылю. 
Да гэтай жа хвалі можна аднесці папулярнасць моўных курсаў («Мова ці кава», «Мова нанова»), адпаведныя крокі па беларусізацыі сучаснага бізнэса, рост цікаўнасці грамадства да нацыянальнай гісторыі, культуры ды мастацтва. 
Таксама ўсё гэта накладаецца на імпульсы беларусізацыі, якія зыходзяць ад уладаў падчас украінскага крызіса — і на версе таксама ўсе разумеюць, што тэзы пра «адзіны народ» ды «славянскае братэрства» пасля Крыма жахліва небяспечныя. 
Пералічаныя ініцыятывы — цудоўныя крокі да пашырэння беларускасці і нацыянальнага будаўніцтва, якія можна толькі вітаць. 
Паводле naviny.by