Мінздароўя адказала на просьбу адкрытага расследавання па прышчэпцы «Эўпента»

«Чытайце наш сайт» і «пакажыце дакументы, што маеце паўнамоцтвы такое патрабаваць», адказаў намеснік міністра аховы здароўя грамадскасці, піша «Радыё Свабода».

77d29290_95c1_46d5_803a_1d5e9091786c_w1023_r1_s.jpg


На сайце Petitions.by апублікаваны адказ намесніка міністра аховы здароўя Беларусі Вячаслава Шылы на петыцыю з патрабаваннем адкрытага расследавання сітуацыі вакол ужывання ў Беларусі незарэгістраваных прышчэпак «Эўпента».

Петыцыя з’явілася пасля публікацыі на сайце «Ежедневник» расследавання аб «Эўпенце», якую ўжывалі ў Беларусі без рэгістрацыі. Міністэрства здароўя сцвярджае, што прышчэпка прэкваліфікаваная Сусветнай арганізацыяй здароўя, таму яе можна было ўжываць у Беларусі. Увага да прышчэпкі была надзвычайнай, бо пасля ўжывання прышчэпкі памерлі два дзіцяці (афіцыйна сцвярджаецца, што ў гэтым не вінаватыя прышчэпкі).

У адказе на петыцыю, якую падпісалі больш за 2200 чалавек, Вячаслаў Шыла паведамляе, што на сайце Міністэрства аховы здароўя ёсць тры навіны пра «Эўпенту» (адна пра брыфінг аб сітуацыі з прышчэпкай, на якім выкарыстанне незарэгістраванай вакцыны растлумачылі «надзвычайнай сітуацыяй», і дзве навіны пра візіты прадстаўнікоў фармакалагічных кампаніяў).

Дадаткова ён інфармуе, што «да электронных зваротаў, пададзеных прадстаўнікамі заяўнікаў, мусяць быць далучаныя электронныя копіі дакументаў, якія пацвярджаюць іхныя паўнамоцтвы».

www.svaboda.org