Мінскія ўлады збіраюцца адкрыць новы мост на Нямізе 10 лютага
Мінскія ўлады збіраюцца адкрыць новы мост на Нямізе 10 лютага. Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара «Гаррамаўтадара Мінгарвыканкама» Уладзімір Латушкін, піша «Еўрарадыё».
«10 лютага плануецца запуск руху па новым мосце, — цытуе словы Латушкіна minsknews.by. — Праблем на аб'екце няма, працы вядуцца кругласутачна, пры неабходнасці прыцягваюцца разнастайныя спецыялісты і тэхніка».
Аб'ект на Нямізе лічыцца «першачарговым», таму ўся неабходная тэхніка даецца аператыўна.
Пешаходная частка моста абрынулася ў ноч з 7-га на 8 студзеня, здарэнне трапіла на відэа. На шчасце, ніхто тады не пацярпеў. Мост пабудавалі ў 1962 годзе. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала «стомленасць» яго канструкцыі, а таксама ўплыў на яе вібрацыі ад працы метро і частыя перапады тэмпературы паветра. Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы, артыкулы — «службовая халатнасць» і «парушэнне праектаў...».
Аварыйны мост разабралі за некалькі дзён. Адразу ж пачалося ўзвядзенне новага. Спяшацца даводзіцца з-за нязручнасцей для руху транспарту, якія ўзніклі ў цэнтры Мінска.