Мінкульт: Святлана Алексіевіч «не дарасла» да Героя Беларусі
Міністэрства культуры Беларусі разгледзела калектыўны зварот грамадзянаў з просьбай аб прысваенні Нобелеўскаму лаўрэату Святлане Алексіевіч звання Героя Беларусі.
Адказ ведамства размясціў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» адзін з 334 чалавек, якія падпісаліся пад зваротам, Уладзімір Сташкевіч. Дакумент падпісаны намеснікам міністра Васілём Чэрнікам.
«У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона аб дзяржаўных узнагародах званне «Герой Беларусi» з’яўляецца вышэйшай ступенню адзнакі Рэспублікі Беларусь і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і квітнення Рэспублікі Беларусь. У сувязі з выкладзеным Святлана Алексіевіч у цяперашні час не можа быць прадстаўлена да прысваення звання «Герой Беларусi», — гаворыцца ў дакуменце.
Уладзімір Сташкевіч нагадвае, што званне «Герой Беларусi» з’яўляецца вышэйшай ступенню адзнакі краіны і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і квітнення Рэспублікі Беларусь.
«Думаю, можна напісаць цікавы матэрыял з аналізам таго, хто ж тыя 11 Герояў Беларусі і за якія подзвігі яны былі прадстаўлены да ўзнагароды. Самая гераічная сфера ў нас, безумоўна, сельская гаспадарка. Але даюць і за жывапіс, спорт і нават рэлігію, так чым жа літаратура горш?» — пытаецца ён.
Спіс «Герояў Беларусі» зараз складаецца з 11 асобаў. Гэта:
лётчык Уладзімір Карват (пасмяротна), які цаной свайго жыцця адвёў падаючы самалёт ад двух вёсак.
Павел Марыеў, гендырэктар «БелАЗа»,
кіраўнік Гродзенсай вобласці Аляксандр Дубко;
Міхаіл Карчміт, кіраўнік агракамбіната «Сноў»;
Віталь Крэмка, старшыня калгасу «Кастрычнік» Гродзенскага раёна;
Міхаіл Высоцкі, генеральны дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Белаўтатрактарабудаванне» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
«айцец дэвальвацый» Пётр Пракаповіч;
Васіль Равяка, Кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Прагрэс — Верцялішкі»;
Міхаіл Савіцкі, кіраўнік дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры»;
Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі;
Дар'я Домрачава, алімпійская чэмпіёнка.
Можа, сапраўды, не трэба Алексіевіч у гэтую кампанію?