Мікалаю Дзядку прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 КК

Блогеру і журналісту Мікалаю Дзядку прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам Мікола не прызнае сябе вінаватым.

Фота Анастасіі Бойка

Фота Анастасіі Бойка

Мікалай Дзядок знаходзіцца ў каранціннай камеры СІЗА № 1, распавёў tut.by яго бацька. Пасля яго затрымання МУС паведамляла, што Дзядок "публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і здзяйснення акцый „прамога“ дзеяння", таксама ў тэлеграм-канале, які адміністраваў Мікалай, публікаваліся асабістыя звесткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
— Мяне выклікаюць на допыт у якасці сведкі. Я зараз знаходжуся на самаізаляцыі, так што пайду на наступным тыдні, — паведаміў Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая.
Акрамя таго, блізкія Міколы накіравалі ў Следчы камітэт ліст з просьбай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце яго збіцця.
Раней адвакат хадайнічала аб правядзенні медыцынскага агляду і прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы цялесных пашкоджанняў у дачыненні да свайго падабароннага, што таксама пацвярджае падазрэнні блізкіх і адваката аб тым, што ў адносінах да Мікалая Дзядка маглі ўжываць фізічную сілу.
Па арт. 342 КК выстаўленае абвінавачванне прадстаўніку Святланы Ціханоўскай па справах моладзі Алане Гебрамарыям. Крымінальная справа па гэтым жа артыкуле распачата ў дачыненні да журналісткі Кацярыны Андрэевай, магчыма, таксама яе калегі Дар'і Чульцовой, якая не выйшла на свабоду пасля 7 сутак арышту. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у крымінальных справах аб арганізацыі масавых беспарадкаў усяго фігуруюць шэсць журналістаў. Паводле гэтага ж артыкула выстаўленае абвінавачванне як мінімум чатыром студэнтам: Ксеніі Сырамалот, Ягору Канецкаму, Іллі Трахтэнбергу і Глебу Фіцнеру. Пакаранне па ім — ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.