Ксюша Сырамалот: Гатовая ісці да сваёй мэты праз розныя перашкоды

Ксенія Сырамалот — студэнтка 4 курса ФФСН БДУ, сябра Задзіночання беларускіх студэнтаў. Яе затрымалі 12 лістапада, дома правялі ператрус. Пазней ёй і іншым актывістам ЗБС было выстаўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 342 КК РБ ("арганізацыя масавых беспарадкаў"). Пакуль дзяўчына знаходзіцца за кратамі яе блізкія распавялі нам пра тое, якая Ксенія ў жыцці.

127181079_869311767141021_6925295362194603692_n_logo.jpg


Кася Сырамалот, сястра:

Ксюша вельмі сціплая і вельмі разумная дзяўчынка. Выдатніца, двойчы набрала 100 балаў на ЦТ, скончыла ліцэй БДУ. Цікавіцца гісторыяй іншымі гуманітарнымі навукамі, любіць падарожнічаць па Беларусі. Удзельнічае ў творчым саюзе факультэта. Піша апавяданні, друкавалася ў «Маладосці».
У СІЗА КДБ Ксюша папрасіла перадаць найперш «Гары Потэра» і Дугласа Адамса «Аўтаспынам па Галактыцы».
Неяк Ксюша хадзіла з татам у паход і пачаўся моцны дождж, а яны ўсё шлі і шлі з рэчамі. Праз нейкі час тата прапанаваў пад’ехаць, каб не ісці пад дажджом. Але Ксюша адмовілася пад’язджаць, бо была вельмі мэтаканакіраваная і гатовая ўсё стрываць: бо ўсё ж пайшлі ў паход, а паход мусіць быць з цяжкасцямі. Яны, канешне, намоклі, але ўсё роўна дайшлі да канчатковага пункта. Такая Ксюша і па жыцці: гатовая ісці да сваёй мэты праз розныя перашкоды.

127165333_3579952735396175_4926560861207350435_n_logo.jpg


Любоў Ланіна, сяброўка:

Ксюша — неверагодная сяброўка, з я якой я шчаслівая быць знаёмая. У моманты маіх істэрык, суму, тугі, радасці Ксюша заўсёды побач, з самымі патрэбнымі словамі падтрымкі. А я заўсёды спрабую адказаць ёй тым жа. Зрэдку знойдзеш чалавека, які разумее цябе настолькі дакладна, і якога разумееш ты. Мы з ёю знайшліся — і гэта цудоўна :)
Ксюша — адкрытая і шчырая, ты давяраеш яе словам і ўчынкам, ведаеш, што яна не падвядзе. З ёю цікава размаўляць і спрачацца, таму што яна эрудыяваная і бліскуча аргументуе сваю пазіцыю.
Так выпадкова атрымалася, што ў нас з ёй з’явілася традыцыя ў пачатку 2019 года — па панядзелках мы стабільна сустракаемся ў якой-небудзь кавярні, дзяліліся навінамі, думкамі за тыдзень, тым, што накапілася.
Мы маглі прасядзець так пару гадзін, маглі ўвесь вечар — і я ведала, што мы напоўніцу нагаворымся і выслухаем адзін аднаго. Зараз нашы зносіны абмежаваны паштоўкамі і канвертамі, Галоўпаштамтам і мурамі Валадаркі. Але я ўпэўнена ў тым, што гэта зробіць наша сяброўства яшчэ мацнейшым — а як інакш! А калі Ксюша вернецца, мы выдаткуем шмат часоў на расповед гісторый.  

Юлія Гафарава, дацэнт ФФСН, кандыдат філасофскіх навук:

Ксенію я ведаю як выкладчык і навуковы кіраўнік. Мы працавалі з ёй на працягу трох курсаў, Ксенія напісала ў мяне працу, якая была абаронена на адзнаку «дзевяць». Ксенія вельмі матываваная і зацікаўленая студэнтка. На ўсіх занятках яна заўсёды была падрыхтаваная і актыўна ўдзельнічала ў дыскусіях. Маючы здольнасці і схільнасці да навуковай працы, яна плённа даследавала сваю тэму, прымала ўдзел у студэнцкім навуковым жыцці.

127105802_793929764797381_6198948500151332126_n_logo.jpg


Ірына Кліменка, аднагрупніца: 

Ксюша — чалавек з адным з самых вялікіх балаў ЦТ, валодае некалькімі мовамі, вельмі актыўная. Гэта адзін з тых людзей, дзякуючы якім я пачала адэкватна глядзець на беларускамоўную культуру і нават палюбіла яе. На першым курсе Ксюша ўражвала мяне, пэўна, болей за ўсіх. Гэта чалавек з агромным багажом ведаў, які пастаянна спрабуе павялічыць яго яшчэ болей. З ёю заўсёды прыемна размаўляць на самыя розныя тэмы і цікава працаваць у камандзе. Вельмі крута, калі чалавек мае свой погляд на рэчы і не баіцца яго выказваць. Гэта толькі спрыяе генерацыі ідэй. Ксюша — адна з тых, хто арганізаваў мерапрыемства «Крок за крокам» на базе ТворСаюза ФФСН. Гэта мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца ўстаноўка новых карысных знаёмстваў і стварэнне базы для далейшага прафесійнага ўладкавання альбо камунікацыі студэнтаў з арганізатарамі розных праектаў, абмен вопытам і ведамі з імі. Ксюша заўсёды можа дапамагчы парадай альбо інфармацыяй, калі неабходна. Абсалютна адэкватна ацэньвае свае магчымасці і сілы і, як мне здаецца, гэта дазваляе ёй прадуктыўна працаваць не ў шкоду сабе (спадзяюся, што гэта сапраўды так).
Яна не баіцца эксперыментаў і часта імкнецца да чагосьці незвычайнага. Аднойчы яна зусім нечакана папрасіла мяне дапамагчы ёй з фарбаваннем валасоў у фіялетавы. Гэта была вельмі вясёлая спецаперацыя па фарбаванню Ксюшы і ўсяго ваннага пакойчыка ў яе дома. Сляды ў выніку замялі, усё засталося чыстым.
Вы можаце падтрымаць Ксенію Сырамалот і напісаць ёй ліст: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030