Мінскі гарвыканкам «не вызначыў дату», калі павесяць «дошку БНР»
Неафіцыйны дазвол на дошку кіраўніцтва Мінгарвыканкаму дала яшчэ 1 сакавіка. На новую дошку сабралі грошы цягам трох гадзінаў — старая была ўжо не ў найлепшым стане, бо чакала ўстаноўкі чвэрць стагоддзя. Радыё Свабода паведамляе, у якім стане зараз знаходзіцца сітуацыя з усталяваннем дошкі.
Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус атрымаў адказ ад мінскіх уладаў адносна даты ўстаноўкі мемарыяльнай шыльды на мінскім доме, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паводле адказу намесніка старшыні Мінгарвыканкаму Ігара Юркевіча, які Павал Белавус апублікаваў на Facebook, дата рашэння «не вызначаная, бо на дадзены момант разглядаецца пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця такога рашэння».
«Зараз дашлю новы зварот з пытаннем, калі плануецца прыняць рашэнне і вызначыць дату», — піша Белавус.
Юркевіч у адказе на зварот абяцае, што будзе ўлічанае меркаванне «ўсіх зацікаўленых» і згадвае, што ў Мінгарвыканкам паступіла «больш за тры тысячы пісьмовых і электронных зваротаў» ад грамадзянаў і юрыдычных асобаў адносна ўсталявання дошкі.
Колькі з тых зваротаў былі за тое, каб дошку павесілі, а колькі супраць, Юркевіч не ўдакладніў. Але электронная петыцыя за «дошку БНР» сабрала на момант публікацыі больш як 3300 подпісаў. Колькі грамадзянаў было супраць «дошкі БНР», Юркевіч раней адмовіўся казаць, хоць яго прасілі сказаць, што гэта за «шэраг грамадзянаў».
Раней ад уладаў дабіліся адказу пра колькасць зваротаў адносна перайменавання станцыі метро «Плошча Леніна», што пад плошчай Незалежнасці, у «Плошча Незалежнасці». Аказалася, што 31 ліст быў з адмоўным стаўленнем да прапановы, а петыцыі за перайменаванне падпісалі 155 чалавек адну і 571 чалавек другую. Назву станцыі, якую часам у жарт называюць «Незаленіна» або «Ленінежнасьці», дагэтуль не прывялі ў адпаведнасць з назвай плошчы, перайменаванай у 1991 годзе.
Тым часам беларускія ўлады фактычна ігнаруюць абвяшчэнне незалежнасці БНР у якасці даты, звязанай з незалежнасцю сучаснай Беларусі. Адзначаць збіраюцца 100-годдзе БССР, а адлічваць незалежнасць сучаснай Беларусі прапануюць не з 1991 году, а з 1994-га, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка.