Маскоўскі эксперт: Беларусь і двух тыдняў не пратрымаецца ў выпадку расійскай агрэсіі

Расійскі палітолаг Дзмітры Арэшкін у інтэрв'ю "Радыё Свабода" разважае пра пагрозу для Беларусі ад расійскага шавінізму і халоднай істэрыкі Уладзімера Пуціна.  



rasija_vajna_dzmitry_areshkin.jpg

На мінулым тыдні ў Расіі прайшоў шэраг акцыяў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства і свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Маскве і іншых гарадах адбыліся «рускія маршы», удзел у якіх бралі розныя адгалінаванні нацыяналісцкіх груповак. Адпаведна з ідэалогіяй кожнай групоўкі акцыі называліся «Рускі марш за рускі мір», «Рускі марш за рускі рэванш», «Рускі марш супраць дыктатуры» і іншыя.

gdb.rferl.org__e6c6c17f_353e_4_ac7616bbeaa8eff89f3a2200a2a0a94d.jpeg

Удзельнікі маршу на Дзень народнага адзінства ў Крыме. 4 лістапада 2015 году

Галоўнае святочнае шэсце адбылося на Цвярской вуліцы. У ім, паводле дадзеных паліцыі, узялі ўдзел не менш за 85 тысяч чалавек.

Радыё Свабода пагутарыла з расійскім палітолагам Дзмітрыем Арэшкіным, каб высветліць, наколькі нацыяналізм і шавінізм апанаваў расійскае грамадства. — Дзмітры Барысавіч, у «рускіх маршах» бралі ўдзел у асноўным маладыя людзі. Адкуль яны? Чымвыклікана іх актывізацыя?

gdb.rferl.org__74a888b8_f30a_4_8abe9689cd8d54225fe7e0df77a6917d.jpeg

Дзмітры Арэшкін

— На вуліцы выходзіць новае пакаленне. Яно не ведае сапраўднай вайны, адчувае сябе абароненым ад голаду і дэфіцыту тавараў, але адчувае сябе прыніжаным. Чаму прыніжаным? Таму што ў той карціне свету, якая стваралася расійскай уладай, вельмі істотную ролю грае комплекс прыніжэння.

У словах Пуціна пра тое, што найбуйнейшая геапалітычная катастрофа 20-га стагоддзя — гэта распад СССР, гэтае новае пакаленне бачыць крыўду. Натуральным чынам з'яўляецца мара пра рэванш. Менавіта ў гэтым разгадка як феномену Пуціна, так і феномену групаў фашысцкага кшталту, якія цяпер масава ўтвараюцца ў Расіі.

Фундаментальная праблема ў тым, што яны маюць скажоны вобраз мінулага Вялікай Расіі, створаны такімі ж пакрыўджанымі літаратарамі і мастакамі. Для іх СССР быў вялікай і магутнай краінай, якую ўсе паважалі і ў якой добра жылося.

gdb.rferl.org__5babb61c_ef39_4_ae253b72bc5617ab2f8d768c0505826f.jpeg

"Рускі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году

Гэта барацьба за міф. Шчыра кажучы, мусалініеўскі фашызм, гітлераўскі нацызм і ленінска-сталінскі бальшавізм трымаюцца на ідэі дзяржаўнага міфу, функцыя якога — у рэалізацыі волі моцнага лідара. То бок усе гэтыя ідэі працуюць толькі пры наяўнасці моцнага правадыра.

— Чаму гэта прываблівае маладых?

— Карцінкі, якімі прапаганда можа дэманстраваць нацызм ці бальшавізм, — вельмі прывабныя для простага чалавека: моцныя мускулістыя хлопцы дружна крочаць па шырокай плошчы. Натхнёныя такімі вобразамі, цяпер у Расіі з'яўляюцца дробныя нацысцкія і фашысцкія групоўкі са сваімі лідарамі, сімваламі, лозунгамі. Менавіта іх і можна было бачыць у фотарэпартажах з «рускіх маршаў», якія праходзілі ў Маскве і іншых гарадах 4 і 7 лістапада. Гэтыя групоўкі даволі маргінальныя, яны не носяць агульнанацыянальнага характару. Але іх існаванне сведчыць пра голад па велічы, жаданне прыгожай карцінкі. Гэтыя групоўкі даволі папулярныя. Найперш праз тое, што людзі не хочуць думаць, чым гэта сканчаецца. А сканчаецца гэта заўсёды вайной і катастрофай дзяржавы. Цяпер у Расіі мейнстрымам — пуцінскі нацыяналізм, патрыятызм і рэваншызм. А там, дзе мейнстрым, — там моладзь. Таму мы і бачым на «рускіх маршах» вялікую колькасць маладых людзей, якія хочуць далучыцца да таго, што цяпер папулярна.

8F7C8B95-DA6D-4A16-BF22-6FA5724BD848_w640_r1_s.jpg

"Русскі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году

— Людзей запрашалі да ўдзелу ў акцыях,абяцаючы плату— ад 300 да 600 рублёў. Некаторыя арганізатары заваблівалі і алкаголем...

— Так, іх падкормліваюць — і тут няма ніякага сакрэту. Фінансаванне ідзе і з Крамля, і з сілавых структураў. Трэба таксама адзначыць, што ёсць групоўкі правага кшталту, якіх Крэмль пабойваецца — мы бачылі на «рускіх маршах» лозунгі, скіраваныя супраць дыктатуры і Уладзімера Пуціна персанальна. Што тычыцца грамадскай думкі, то большасць у Расіі глядзяць на нацысцкія групоўкі з сімпатыяй — маўляў, вось хлопцы, якія высока нясуць штандар рускага народу.

— Як новыя фашысцкія і нацыяналісцкія групоўкі ў Расіі глядзяць на суседнія краіны, напрыклад, Беларусь? Ці дамінуе ідэя вяртання былых савецкіх рэспублік у адзінае дзяржаўнае ўтварэнне пад кіраўніцтвам Крамля? — Я б сказаў, што ў сапраўднай геапалітыцы гэтыя групоўкі нічога не вырашаюць. Але што тычыцца Беларусі, то баюся, што тут могуць быць планы ў Пуціна — а гэта нашмат сур’ёзней, чым агрэсіўныя маладзёны, якія выходзяць на «рускія маршы».

64A1F485-AB2E-4FC2-B43F-CEC6007861C8_w640_r1_s_cx0_cy8_cw100.jpg

Удзельнікі "рускага маршу" ў Маскве, 4 лістапада 2015 году

— Чаму?

— Таму што Пуцін шукае формулу, якая дазволіць яму апраўдваць бяззменнае трыманне ім улады. Формулы могуць быць розныя: супрацьстаянне з Захадам, збіранне рускіх зямель, узнаўленне СССР — нешта такое, што стварае крызісную сітуацыю, каб можна было сказаць, што коней на пераправе не мяняюць. Апошнія два гады такая крызісная сітуацыя была створаная на ўсходзе Украіны, у выніку чаго ў Расіі рэйтынг Пуціна вельмі моцна павысіўся. Але цяпер людзі пачынаюць паціху разумець, што атрымалася зусім не тое, што планавалася: Украіна не далучылася да Еўразійскага саюзу, забіта шмат людзей, Украіна крочыць у бок Еўропы.

— Ці ў Расіі лічаць, што Беларусь таксама разварочваецца тварам да Захаду? І калі так, то чым гэта можа пагражаць? — Усе разумеюць, што ў Пуціна няма грошай, якія вельмі патрэбныя Лукашэнку. Таму ён цяпер шырока ўсміхаецца Захаду — дзе яму могуць даць грошай. Дзеля гэтага былі выпушчаныя палітычныя вязні, дзеля гэтага дасюль няма згоды на размяшчэнне расійскай авіябазы. І тут можна трапіць пад раздачу з боку Уладзімера Пуціна, які цяпер у стане халоднай істэрыкі. У яго ўсюды аблом: ва Украіне — аблом, у Сірыі — чым больш туды будзе лезці, тым больш відавочны будзе аблом, людзі паступова пачынаюць разумець, што самалёт «Кагалымавія» ўзарвалі, і гэта неяк звязана з Сірыяй. А Пуціну патрэбныя перамогі. І выходзіць, што Беларусь і Лукашэнка — самы прыдатны варыянт, каго ён можа перамагчы з мінімальнымі затратамі. А калі параўноўваць вайсковы патэнцыял, то лёгка зрабіць выснову, што Беларусь і двух тыдняў не пратрымаецца.

02E2B56A-2009-4982-8075-8F29924C4B03_w640_r1_s.jpg

www.svaboda.org/