«Мара» рассыпаецца бяз грошай
Папулярны сярод бабруйчан і жыхароў суседніх раёнаў дзіцячы летнік «Мара» застаўся без сродкаў на тэрмінова патрэбны рамонт.

Летніку «Мара», што пад Бабруйскам, больш за 35 гадоў. Спачатку належаў «Белшыне», у 2002-м быў перададзены Магілёўскаму ўпраўленню адукацыі, з мінулага году належыць Бабруйскаму ўпраўленню адукацыі, спорту і турызму. Мэбля і бялізна збольшага засталіся з часоў «Белшыны», пляцоўкі занядбаныя, сантэхніка ржавее, тынкоўка сям-там адвалілася, а там, дзе сцены пакояў пафарбаваныя, дык здаецца, лепш бы фарбы не было — настолькі страшнай казармай глядзіцца, што мала ратуюць і дзіцячыя аплікацыі.



Корпус "Мары" ўнутры
А лагер вялікі — за адну змену (з чатырох) прымае да 600 дзяцей — з Бабруйску, Кіраўску, Асіповіч, з дамоў-інтэрнатаў. Бацькі дзяцей і актывісты кампаніі «Гавары праўду» ўвесну звярталіся ў абласны выканаўчы камітэт з настойлівай просьбай паглядзець што робіцца і тэрмінова падвысіць фінансаванне «Мары». У красавіку на рамонт было выдзелена 300 мільёнаў з гарадскога бюджэту і 123 мільёны з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны. У «Мары» пачалася праца — замянілі дах аднаго корпусу, на адным паверсе другога цяпер новая сантэхніка і прыстойныя сцены калідораў і пакояў, закупілі частку новага абсталявання на кухню...



У гэткіх будках жывуць пазменна кухары
У траўні прыйшоў час разлічвацца за працу і пакупкі — і тут аказалася, што грошай на рахунку няма! На запыт адміністрацыі летніка фінансавы аддзел бабруйскага казначэйства паведаміў, што гарадскія ўлады знялі грошы «з-за цяжкага стану гарадскога бюджэту». Забралі ўсё, нават грошы з нацыянальнага фонду, што ніякіх адносінаў да гораду не маюць. А раней абяцалі і пералічэнне з суботніку — атрымалася як з гарадскім Моладзевым паркам, таксама нібыта за суботнік збіраліся рабіць, а ўсё стаіць на месцы. Трэба далей абсталяваннем закупацца — супрацоўнікі летніка кажуць, нібыта гарадскія ўлады цішком рэкамендуюць заключаць дамовы з пастаўшчыкамі без перадаплаты... І абяцаюць, абяцаюць як-небудзь грошы даць, аж 800 мільёнаў абяцаюць.

На 3-ю змену прыехалі больш за 600 дзяцей з розных раёнаў

На 3-ю змену прыехалі больш за 600 дзяцей з розных раёнаў
Тым часам 15 ліпеня ў «Мары» пачалася трэцяя змена — з недахопам трох соцень камплектаў бялізны. Яшчэ і дзяцей аказалася больш за норму, месцамі жывуць па 8 у пакоі, што выклікае новыя нараканні бацькоў. Але гэткі перабор нават добры — будзе чым разлічыцца за новую бялізну, бо адміністрацыя летніка дамаўляецца з вытворцам на аплату за кошт продажу пуцёвак. А пакуль скарачае тэрміны прання, і выдае дзецям не зусім яшчэ парваную бялізну, якую па-добраму пара б ужо выкінуць, але яшчэ можа патрываць...


Гульнявыя пакоі Мары
Толькі сёння стала вядома, што для аплаты травеньскіх працаў частку грошай, каля 80 мільёнаў, гарадскія ўлады «Мары» вярнулі.