«Мама вельмі знервавалася, бо яна сама гэты сцяг пашыла». Дачка распавяла пра затрыманне бацькі на Маршы пенсіянераў

Алег Васільевіч Гжыбоўскі — у мінулым афіцэр, а цяпер пенсіянер. Ён служыў у Манголіі, Эфіопіі, Афганістане, пералічвае яго дачка Кацярына. Цяпер ён з жонкай жыве ў Нясвіжы, у яго тры дарослыя дачкі. У панядзелак мужчына спецыяльна прыехаў у Менск на марш пенсіянераў. Пра тое, што яго затрымалі, сям'я даведалася па фота: момант арышту Алега Васільевіча трапіў на здымак TUT.BY.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

— Спачатку мне трапілася відэа затрымання... Сэрца замерла, — дзеліцца перажываннямі ягоная дачка Кацярына. — Відэа было не вельмі добрай якасці, і я да апошняга спадзявалася, што на кадрах не тата. А потым ўбачыла фота і зразумела: гэта ён. Даведалася па вопратцы, сцягу і хадзе.

Алегу Васільевічу 58 гадоў. Затрымалі яго на плошчы Перамогі. У колькі менавіта, дачка не ведае. Тэлефона ў мужчыны не было, таму Кацярына стала абзвоньваць усе РУУС. Высветліла: бацька ў Цэнтральным.

— Ён ніколі не падтрымліваў гэтую ўладу, проста раней абураўся толькі дома. А цяпер, калі ўсё вылезла вонкі, не змог застацца ўбаку. Ён вельмі эмацыйны чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці, — распавядае пра бацьку Кацярына. — Паглядзеў, як у Мінску праходзяць маршы пенсіянераў, і вырашыў прыехаць таксама.

Па словах Кацярыны, яе тата былы ваенны верталётчык.

— Маё дзяцінства праходзіла на Далёкім Усходзе, у Манголіі, ён таксама служыў у Эфіопіі. У Афганістане яго верталёт быў збіты. Па-мойму, з іх экіпажа засталіся ў жывых трое, адзін застаўся інвалідам, — працягвае дачка. — У яго вялікі паслужны спіс. У савецкіх вайскоўцаў былі вельмі своеасаблівыя тэрміны службы, таму тата сышоў на пенсію, калі яму было 32, гадоў выслугі было ўжо дастаткова.

Раней, працягвае Кацярына, яе бацькі пабойваліся агучваць сваю пазіцыю. А цяпер выходзяць ўдваіх.

— Неяк яны з мамай мне сказалі: нам сорамна, што мы пакінулі вам тое, што ў нас ёсць цяпер, — кажа суразмоўца. — Яны адчуваюць сябе датычнымі і вінаватымі, таму цяпер партызаняць. На фота бачна, што таце парвалі сцяг, мама вельмі знервавалася, бо яна сама гэты сцяг пашыла.

— А мама як паставілася да навіны пра затрыманне Алега Васільевіча?

— Перажывае, я размаўляю з ёй, супакойваю, — кажа Кацярына. — Выпусцяць тату ці не, мы не ведаем, ён у нас халерык, чалавек рэзкі, з-за чаго і праблемы з сэрцам. Думаю, калі пачне лаяцца, то не выпусцяць, але надзея на тое, што гэты вечар усё ж такі скончыцца для нашай сям'і добрымі навінамі, пакуль ёсць.

P. S. Пазней Кацярына паведаміла, што Алега Васільевіча выпусцілі з РУУС. Дадому ён вярнуўся з пратаколам па арт. 23.34.