Маладзечна. Эдгар По і Тувэ Янсан загучалі па-беларуску

У цэнтральную раённую бібліятэку Маладзечна завіталі перакладчыкі з Мінска Алеся Башарымава і Ганна Янкута. Яны прэзентавалі маладзечанцам пераклады на беларускую мову твораў сусветнай літаратуры — “Капялюш чарадзея” Тувэ Янсан і зборнік “Маска чырвонае смерці” Эдгара По.



get_img210.jpg

Мумі-Тролі — галоўныя персанажы кнігі Тувэ Янсан

Літаратурную вечарыну ладзіла грамадска-культурная кампанія “Будзьма!”. Падарункі ад кампаніі чакалі ўсіх тых, хто добра ведае гісторыю свайго рэгіёна і беларускую літаратуру.

— Звычайна мы прапаноўваем гасцям узгадаць 10 мужчын і 5 жанчын, значных для беларускай гісторыі, — кажа Міраслаў Лазоўскі, прадстаўнік “Будзьмы”. — Жанчын менш таму, што іх не так лёгка прыгадваць — гэта мы заўважылі на ўласным досведзе.

Гасцям вечарыны трэба было таксама пералічыць беларускіх пісьменнікаў: падарунак атрымоўваў той, хто без паўтору назаве апошняе імя. Маладзечанцы расцягнулі конкурс надоўга — прозвішчы гучалі адно за адным. Арганізатары адзначылі, што пералік у Маладзечне быў самым доўгім з усіх гарадоў, дзе праводзілі такі конкурс.

Кніга “Капялюш чарадзея” ў перакладзе Алесі Башарымавай парадуе маленькіх чытачоў. У планах перакладчыцы — працягваць перакладаць знакамітыя прыгоды Мумі-Троля. Да таго ж спадарыня Алеся вядомая і перакладамі казак Ганса Хрысціяна Андэрсэна з дацкай мовы.

Кніга для дарослай аўдыторыі “Маска чырвонае смерці” Эдгара По аб’яднала ў сабе не толькі дэтэктыўныя аповесці амерыканскага пісьменніка, але і яго вершы і малавядомыя гумарыстычныя аповеды.

Па адным асобніку кожнай кнігі перакладчыкі пакінулі ў бібліятэцы. Да таго ж фонд бібліятэкі папоўнілі зборнікі маладых аўтараў, якія выйшлі пры падтрымцы інтэрнэт-часопіса “Прайдзісвет”.

Аляксандра Парахня, www.rh.by