«Магчыма, у войску так паказваюць сваю сілу, але ў спорце так праяўляюць слабасць»
«Гэта ўжо дайшло да абсурду», «Гледзячы на ўсё тое, што адбываецца цяпер, я адчуваю крыўду і гнеў». «Мікалай Казека — сапраўдны герой Беларусі, які, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, праяўляе стойкасць і мужнасць». Рэакцыю спартыўнай супольнасці краіны на пазбаўленне стыпендыі Мікалая Казекі сабраў SPORT.TUT.BY
Алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер
Ала Цупер заявіла, што з нагоды гэтай сітуацыі адчувае гнеў і крыўду.
— Што я магу сказаць, гэта ўжо дайшло да абсурду. Я лічу, што спорт павінен быць па-за палітыкай. І, вядома, мне непрыемна ўсё гэта чуць і бачыць. Усё ж такі Мікалай Іванавіч для краіны дасягнуў вялікіх вынікаў і праславіў Беларусь. І абысціся з ім так…
Я працую з Мікалаем Іванавічам з 2002 года. Ён заўсёды на роўных размаўляе са спартсменамі, трэнерамі, заўсёды гатовы выслухаць і даць параду. І я ведаю, што да яго можна звярнуцца з любой нагоды. Як трэнер ён выдатна адчувае кожнага спартсмена, ведае, як да каго падысці і як пагаварыць — у нас усё ж такі не камандны, а індывідуальны від спорту, таму гэта вельмі важна. У беларускім фрыстайле гадамі выбудоўваўся трэніровачны працэс…
Гледзячы на ўсё тое, што адбываецца цяпер, я адчуваю крыўду і гнеў. І не ведаю, чаго можна чакаць заўтра…
Былы дырэктар РЦАП «Фрыстайл» Вадзім Крывашэеў
Вадзім Крывашэеў, які нядаўна быў звольнены за "дрэнную ідэалагічную працу ў калектыве", адзначыў, што Мікалай Казека — трэнер, запатрабаваны ва ўсім свеце.
— Такія рашэнні выклікаюць расчараванне ў дачыненні да тых, хто іх прымае. Магчыма, у войску так паказваюць сваю сілу, але ў спорце так праяўляюць слабасць, — заявіў Крывашэеў. — Ці здзіўляе мяне, што на асобу такога трэнера замахнуліся? На жаль, сістэма каштоўнасцяў руйнуецца. Месяц таму так лёгка распусцілі трупу Купалаўскага тэатра — павесілі на дзверы замок. Цяпер мы назіраем шэраг падзей, якія выклікаюць спусташэнне. Глядзіш на ўсё гэта і думаеш: а ці ёсць наогул мяжа?
Каардынатар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін
Аляксандр Апейкін назваў Мікалая Казеку «сапраўдным героем Беларусі».
— На сённяшні дзень мы бачым, якая колькасць найлепшых, я не пабаюся гэтага слова, сапраўды самых лепшых беларускіх спартоўцаў асудзілі беззаконне, самавольства ўлады, гвалт над людзьмі і фальсіфікацыю выбараў. У абарону грамадзянскай пазіцыі пачалі выказвацца вельмі знакамітыя людзі са свету спорту.
Мікалай Іванавіч Казека з'яўляецца адным з тых, хто ніколі не хаваў сваю пазіцыю. Гэты чалавек дзякуючы свайму характару і волі ўмее перамагаць і вучыць перамагаць у тым ліку. Паглядзіце, якая колькасць медалёў заваявалі яго вучні!
Гэтым летам частка калектыву РЦАП па фрыстайле, нягледзячы на ціск з боку Міністэрства спорту і турызму, выразна пазначыла сваю грамадзянскую пазіцыю — падпісала зварот спартсменаў з патрабаваннямі да ўлады, і адстойвае сваю пазіцыю да гэтага часу.
Я лічу, што Мікалай Іванавіч Казека — сапраўдны герой Беларусі, які, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, прадпісанні аб выплатах, праяўляе стойкасць і мужнасць.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, безумоўна, акажа падтрымку Мікалаю Іванавічу ва ўсіх яго пытаннях і праблемах, перад якімі яго цяпер ставіць Мінспорту. Мы не застанёмся ў баку.
Экс-генеральны сакратар НАК Беларусі
Анатоль Котаў пракаментаваў навіну аб пазбаўленні Стыпендыі Мікалая Казекі на сваёй старонцы ў Facebook:
— Беларусі патрэбныя алімпійскія медалі і каштоўныя кадры... Навошта, калі яны «ідэалагічна» не падкаваныя... Акрамя відавочнага глупства можна справакаваць міжнародны скандал, — напісаў Котаў.
Паводле Вікторыя Кавальчук / SPORT.TUT.BY