Маці Ігара Пцічкіна: Майго сына забілі міліцыянты
Сваякі загінулага на Валадарцы мінчука патрабуюць расследавання яго смерці.
Ігара Пцічкіна асудзілі на 3 месяцы арышту за кіраванне аўтамабілем без правоў. 2 гады таму суд забараніў яму сядаць за руль аўтамабіля на працягу 5 гадоў. 21-гадовы жыхар Мінска на судовым
пасяджэнні прызнаў сваю віну. 30 ліпеня ён прыехаў у РУУС Завадскога раёна, адкуль маладога чалавека этапавалі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён павінен быў адбываць пакаранне, нагадвае
телеканл «Белсат».
Праз чатыры дні супрацоўнікі турмы патэлефанавалі маці Ігара Пцічкіна і паведамілі аб яго смерці. Ёй сказалі, што ў хлопца, які ніколі нічым сур'ёзным не хварэў, адбылося спыненне сэрца.
Без дазволу маці яго цела адправілі ў морг і зрабілі анатамаванне. Пазней, падчас працэдуры апазнання родныя ўбачылі шматлікія гематомы, сінякі, раны. Няўзброеным вокам былі прыкметныя пераломы
рэбраў, а на запясцях — бачныя сляды бранзалетаў і адкрытыя раны.
Праваабаронца Алена Красоўская, медык па адукацыі, асабіста аглядала цела загінулага. Спецыяліст канстатуе шматлікія пабоі. Афіцыйны ж медэксперт «не заўважыў» нічога
незвычайнага, у тым ліку — пераломаў рэбраў і рукі. Алена Красоўская, якая раней сама
працавала ў турэмным шпіталі, кажа, што такія сляды на руках, як у Ігара Пцічкіна, маглі з'явіцца ад кайданкоў, калі чалавека падвешваюць за іх.
Сваякі загінулага паказалі відэазапіс, які Ігар Пцічкін зрабіў на свой мабільны тэлефон у пастарунку. На ім відаць, як міліцыянты пагражаюць катаваннямі маладому чалавеку за тое, што той
спрабаваў заступіцца за іншага затрыманага.
Сваякі загінулага працягваюць шукаць праўду і патрабуюць правядзення паўторнай экспертызы.