Маці журналіста Дзяніса Івашына: Я буду змагацца за свайго сына да канца

Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын з Гродна ўжо чатыры месяцы застаецца за кратамі ў гродзенскай турме. Яго затрымалі 12 сакавіка паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў». За гэты час Дзяніса неаднаразова вазілі на размовы ў КДБ, двойчы кідалі ў карцар. Падчас апошняй такой адседкі яму стала блага з сэрцам. Ужо другі месяц журналіст не атрымлівае ніякіх лістоў з волі, піша «Белсат».

20210702_ivashyna_mk_1_22.jpg

«Мы з тых родных, хто не будзе маўчаць»

«Сёння я як выціснуты лімон: пэўна, праз усе эмоцыі», — пачынае расповед спадарыня Людміла, маці журналіста.
Журналісты сустрэліся з ёю пасля таго, як у Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ. Яна размаўляла з начальнікам медыцынскай службы, які распавёў пра стан журналіста ў турме.
«Калі я запытала, што здарылася з сынам, ён пачаў з фразы: "Інфаркту не было". Пэўна, бачыў, у якім я была стане, і найперш вырашыў мяне супакоіць. Ён распавёў, што на фоне пастаяннага эмацыйнага, псіхалагічнага стрэсу, у якім Дзяніс застаецца ўжо чацвёрты месяц толькі за тое, што ён журналіст, пачаліся змены ў працы сэрца. Пачалося пачашчэнне і заміранне рытму. Як ад гэтага пазбавіцца? Толькі выключыць стрэс. А як выключыць стрэс у гэтых умовах і колькі гэта будзе яшчэ трываць?» — спадарыня Людміла сціскае замком пальцы рук.
Дзянісу прапісалі лекі, каб аднавіць рытм сэрца. Спадарыня Людміла напісала заяву, каб сына паклалі на амбулаторнае абследаванне — адказалі, што неабходнасці ў шпіталізацыі няма, Дзяніс пад назіраннем.
«Зрабіць нейкае больш сур’ёзнае абследаванне ў турме немагчыма, у іх няма нават апарата УГД. Пасля размаўляла з намеснікам начальніка па ідэалагічнай працы, то запытала яго: турма ж, маўляў, называецца папраўчай установай, але якая яна папраўчая, калі яна губіць здароўе? Мяняйце назву», — распавядае спадарыня Людміла.
Дзяніс ужо двойчы быў у карцары. Пасля першага разу ён папрасіў перадаць лекі ад боляў у сэрцы, вітаміны. Родныя насцярожыліся: навошта, што здарылася? Але ніякай інфармацыі так і не атрымалі.
«Дзяніс вельмі нас любіць, як і мы яго, і вельмі нас ахоўвае, у тым ліку ад такой інфармацыі, якая можа нашкодзіць нашаму здароўю. Тады мы толкам нічога і не даведаліся. Лекі і вітаміны купілі, аднеслі, але ў нас нічога не прынялі. Праз нейкі час праз адваката даведаліся, што здароўе ў Дзяніса больш-менш нармальнае, не скардзіцца», — кажа маці вязня.
Праз некаторы час журналіст трапіў у карцар другі раз. У яго камеры — 3,5 х 2 метры — стаяць два двух’ярусныя ложкі. Дзяніс спаў на другім ярусе, вызвалілася месца ўнізе — перамясціўся туды. За гэта яму далі пяць дзён карцару. Бывалыя людзі кажуць, што гэта занадта жорсткае пакаранне за такую правіннасць. Падчас гэтай другой адседкі Дзянісу стала блага. Запрасілі медыка, зрабілі кардыяграму. На наступны дзень журналіста выпусцілі з карцару, яго агледзеў кардыёлаг з паліклінікі, выпісалі лекі — для сэрца, супакаяльныя, вітаміны.
«Калі я даведалася пра гэта… Перадаць свой стан складана, гэта ўсё вельмі балюча. Пачала біць трывогу, напісала эмацыйны пост у "Фэйсбуку", што выклікала вялікі розгалас. І я гэтаму вельмі радая. Мы з тых родных, хто не будзе маўчаць, а будзе крычаць», — усхвалявана кажа спадарыня Людміла.

20210702_ivashyna_mk_1_25.jpg



«За здзекі і катаванні ўсім давядзецца адказваць»

Паводле маці, зараз на псіхіку Дзяніса каласальна ціснуць. Напрыклад, ранкам у камеру прыходзіць намеснік начальніка турмы, прыносіць аркуш паперы: маўляў, сядай, пішы прызнанне. Увечары прыходзіць забіраць аркуш — а ён пусты.
«У чым Дзяніс мусіць прызнавацца? Ён ні ў чым не вінаваты. Таксама яго рэгулярна вазілі на размовы ў КДБ без адваката. Там прысутнічаюць людзі ў цывільным і падпалкоўнікі. Патрабаванне — прызнацца, узяць віну на сябе, супрацоўнічаць з органамі. Тады, магчыма, скароцяць тэрмін. Як такое вытрываць? Калі Дзяніса прывозяць у камеру пасля такіх размоў, ён паўгадзіны моўчкі сядзіць і глядзіць у адну кропку на падлозе. Мяне хвалюе пытанне: хто тыя людзі, якія з ім гутараць. Беларусы ці заклятыя ўсходнія сябры?» — задаецца пытаннямі маці журналіста.






Дзяніс Івашын праходзіць падазраваным па справе паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Вядзе справу старшы следчы па асабліва важных справах УКДБ Гродзенскай вобласці Аляксандр Лаўрэнчук. У чым прымушаюць прызнацца, невядома. Маці хвалюецца, што сыну могуць выставіць нешта падобнае, як і медыйнаму менеджару Андрэю Аляксандраву: здраду дзяржаве.
«Унутранае напружанне вельмі моцнае. Але я свайго сына буду абараняць усімі магчымымі спосабамі», — цвёрдым голасам гаворыць спадарыня Людміла.
Жанчына адзначае вельмі адчувальную падтрымку, у тым ліку з-за мяжы. Але ёй хацелася б, каб адбываўся большы ціск на ўлады Беларусі:
«Столькі людзей арыштаваныя і за кратамі ні за што, у жудасных умовах, пад велізарным прэсінгам. Гэта здзек і катаванні, за якія, вядома, усім давядзецца адказваць. Я перакананая: ніхто гэтага не прабачыць».
26 траўня памерла бабуля Дзяніса, якую ён даглядаў апошні год. Спадарыня Людміла пазваніла следчаму Лаўрэнчуку і папрасіла, каб сыну дазволілі развітацца. Ён адмовіў.

dzyanis_ivashyn_e1615565631578.jpg

«На наступны дзень мне пазванілі і сказалі, што пастанавілі ўсё ж прывезці Дзяніса развітацца з бабуляй. Удакладнілі, калі, у які час, папрасілі, каб не здымалі відэа і фота. Ранкам у дзень пахавання, 28 траўня, я перазваніла Лаўрэнчуку і запытала, ці ўсё ў сіле, ці будзе Дзяніс. Следчы абурана сказаў, што нічога не ведаў: яго паставілі перад фактам і ён дасюль супраць, пастанавілі без яго. Мы чакалі. Я стаяла каля акна, каб бачыць уезд на могілкі, з надзеяй, што ўсё ж прывязуць Дзяніса. Не прывезлі. У дзень пахавання адвакатка пайшла да Дзяніса з самага ранку, каб паведаміць пра ўсё і крыху падрыхтаваць. Ён быў у шоку ад навіны, але чакаў, што яго адпусцяць развітацца», — кажа маці журналіста. 

«Дзяніс піша вельмі кранальныя лісты, заўсёды так наплачашся, пакуль прачытаеш»

З 19 траўня Дзяніс не атрымлівае ад родных лістоў. Спадарыня Людміла кажа, што яны адпраўляюць лісты з апавяшчэннем, маюць усе квіткі, што лісты дастаўленыя. Але Дзяніс нічога не атрымлівае.
«Штодня правяраем паштовую скрыню — пустая. Пішам лісты раз на тыдзень, кожны ліст нумаруем і пішам пад капірку. У мяне цэлая тэчка ліставання са следчым, пракуратурай і гэтак далей. Спадзяюся, усё гэта спатрэбіцца ў свой час. Хацела перадаць Дзянісу вентылятар у камеру, калі была гэтая спякота. Не ўзялі. Ведаючы пры гэтым, што ў яго праблемы са здароўем. Такая вось "чалавечнасць", усё накіраванае на тое, каб прынізіць, зламаць чалавека», — адзначае спадарыня Людміла.

20210702_ivashyna_mk_1_10_1.jpg


Калі жанчына пачынае гаварыць пра лісты ад Дзяніса, голас становіцца мяккім і цёплым, а на твары зʼяўляецца лёгкая ўсмешка:
«Дзяніс піша вельмі кранальныя лісты, заўсёды так наплачашся, пакуль прачытаеш. Пасля перачытваеш па сто разоў. Ён больш нас падтрымлівае ў лістах. Дае парады, як усё вытрываць. Расстройваецца, што не можа нічым нам дапамагчы. У кожным лісце перадае падзякі тым, хто нас падтрымлівае. Не скардзіцца ні на што. Піша, што трымаецца, займаецца фізічнай падрыхтоўкай, наколькі магчыма, шмат чытае. Дзяніс любіць фантастыку, зараз чытаў Шандаровіча. Ужо, пэўна, палову турэмнай бібліятэкі перачытаў. Выпісалі яму газету "Новы Час" — не прынеслі ні аднаго нумара. Затое прыносяць "Звязду", "Гродзенскую праўду", "СБ". Але ён як журналіст умее чытаць паміж радкоў».
Людміла Івашына жыве за горадам, мае невялікую гаспадарку, гадуе птушак — курэй, гусей, качак. Пра гэта і піша сыну ў лістах:
«Пішу яму дзіцячыя наіўныя лісты, яму гэта падабаецца, гэта яго крыху расслабляе. Прашу, каб пабольш займаўся фізічнымі практыкаваннямі, бярог вочы і не так шмат чытаў, псіхалагічна рыхтаваў сябе да таго, што адбываецца. Пішам самыя добрыя лісты. Дай Бог, яны ўсе захаваюцца. У Дзяніса ёсць мара напісаць кнігу пра сваю сямʼю. Ён вывучаў наш радавод, гадоў на 300 углыб пайшоў. І гэта настолькі цікава! І, магчыма, нашая цяперашняя перапіска таксама ўвойдзе ў гэтую кнігу». 

«Праца Дзяніса патрэбная краіне»

Бацька Дзяніса — украінец, родам з Дняпра, працаваў на «Азоце» інжынерам, яго ўжо даўно няма сярод жывых. Маці журналіста працавала ў дзіцячым садку. Дзяніс выхоўваўся ў вельмі спакойнай інтэлігентнай сям’і.
«Ён вельмі сумленны чалавек, лепей прамаўчыць, але ніколі не схлусіць. Яго бабуля, Раіса Барысаўна, мая мама, вучыла яго быць заўсёды сумленным. А мая бабуля Васіліса заўсёды гаварыла: хлусіць ніколі нельга, любая хлусня вылезе праз 30-40 дзён. І гэта мне, маленькай дзяўчынцы, так уелася ў памяць», — згадвае спадарыня Людміла.
У журналіста ёсць старэйшы брат Мікалай, ён жыве ў Францыі, працуе ў буйным каледжы загадчыкам гаспадаркі. Кожны дзень тэлефануе, пытае, як Дзяніс, якія навіны.
«Дзяніс з трох гадоў пачаў чытаць усё запар. Пакуль я вяла яго ў садок, ён столькі гісторый прыдумляў і распавядаў, так цікава фантазіраваў! З лісткоў мульцікі выразаў і склейваў. Пэўна, таму да гэтай пары любіць фантастыку. Калі вучыўся ў школе, я ніколі не правярала яго хатнія заданні — настолькі адказна і самастойна ён да ўсяго падыходзіў. Гэтая рыса захавалася і ў дарослым жыцці», — адзначае маці палітычнага вязня.
У юнацтве Дзяніс быў у «Маладым фронце». У 1990-я адбывалася шмат цікавых акцый, тады і зарадзіліся нацыянальныя каштоўнасці ў Дзяніса і ў шмат іншых беларусаў.
«У той час там былі беларусы — сапраўдныя глыбы: Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў, Мікола Маркевіч. Цудоўныя людзі, гонар Беларусі! І яны мелі сілу, маглі штосьці рабіць. Дзяніс хадзіў на імпрэзы і пасяджэнні, яны ездзілі па памятных мясцінах, ускладалі вянкі і кветкі», — згадвае спадарыня Людміла.
Дзяніс мае эканамічную адукацыю, але прысвяціў сваё жыццё журналістыцы. Першыя свае працы напісаў пра падзеі ў Сірыі: збіраў, сістэматызаваў, аналізаваў інфармацыю з адкрытых крыніц. Матэрыялы выклікалі цікаўнасць, тады пра Дзяніса ўпершыню пачулі. У 2014 годзе ён паехаў на Майдан: не мог абыякава глядзець на тое, што адбываецца ва Украіне. Прабыў там нядоўга, але паспеў пазнаёміцца з камандай «Інфармнапалма», якая займаецца расследаваннямі. Спачатку перакладаў іх працы, а пасля паглыбіўся, вывучыў справу і пачаў рабіць свае расследаванні.

20210702_ivashyna_mk_1_8.jpg


«У яго гэта вельмі добра і лёгка атрымліваецца, унутры сядзеў гэты аналітычны талент. І галоўнае, яму гэта падабалася. Спадзяюся, будзе яшчэ доўга падабацца, ён напіша яшчэ шмат расследаванняў, будзе прыносіць карысць сваёй працай», — з гонарам кажа спадарыня Людміла.
Дзяніс ужывае не проста беларускую мову, а тарашкевіцу. Ён вельмі ўседлівы, калі нешта задумаў — зробіць.
«Гэтая якасць карысная ў расследаваннях: ён знаходзіць, супастаўляе і аналізуе велізарны абʼём інфармацыі. Праца Дзяніса патрэбная краіне! Калі ён выкрываў "казачкоў" і агентаў "русского мира" ў Беларусі — гэта ж важна для нацыянальнай бяспекі. Дзяніс рабіў працу нашых органаў, ускрываў гэтыя ўсе факты», — перакананая маці журналіста.

«Ён казаў: я не магу маўчаць»

Маці заўсёды трывожылася за сына, яны не раз абмяркоўвалі, што здарыцца можа што заўгодна:
«Напярэдадні яго затрымання, дні за два, мы з ім менавіта пра гэта размаўлялі. Я гаварыла Дзянісу: яны могуць зламаць лёс, зрабіць шмат непрыемнасцей. Ён мне адказаў: "Мама, я ўсё разумею, я да ўсяго гатовы. Я ведаю, што так можа адбыцца, але я не буду маўчаць. Я не магу маўчаць. Я павінен даносіць людзям праўду". І праз некалькі дзён суседка мне паведамляе: "Дзяніса забралі". Што я адчула ў той момант? Сэрца часцей забілася. Шок. Не ведаю, як гэта назваць. Галава цяміць, але сэрцу сказаць "супакойся" немагчыма. Ідзе такі разнабой галавы і сэрца… Праз некалькі гадзін прыехалі з ператрусам да нас за горад».

20210702_ivashyna_mk_1_4.jpg

Дзянісу шмат хто раіў з’ехаць з краіны, але ён і слухаць не хацеў. Гаварыў, што гэта яго краіна і ён будзе тут жыць, што б ні здарылася. Маці падкрэслівае: Дзяніс — вялікі патрыёт Беларусі. Сям’ёй яны практычна ў кожныя выхадныя ездзілі ў розныя куткі краіны, Дзяніс рыхтаваўся і ладзіў родным экскурсіі.
«Пасля затрымання сына мы адразу сабраліся і пачалі думаць, што рабіць, назначылі планы. Першы крок, другі, трэці. Нават не паўставала такога пытання, каб баяцца. Мы не з баязліўцаў. Я буду змагацца за свайго сына да канца. Робім што можам. Крычым, тупаем, грукаемся ва ўсе дзверы. Але, думаю, калі б не было падтрымкі, то і мяне не было б. Я ўжо не кажу, як працуе маё сэрца. Але я мушу дачакацца Дзяніса», — кажа спадарыня Людміла.
Галоўнае апірышча для маці сёння — жонка журналіста Вольга:
«Воля і Дзяніс вельмі падобныя. Воля такая ж сумленная, у чымсьці ўпартая, настойлівая. Яны абое цудоўна размаўляюць па-беларуску. За імі вельмі цікава назіраць, асабліва калі яны пачынаюць буркаваць, калі разам спяваюць песні, размаўляюць, спрачаюцца. Гэта ўсё так прыгожа! Яны як адно цэлае. Я Волю вельмі люблю. Яна столькі робіць для Дзяніса. Яна разумніца, шмат пра яго піша, практычна ўзяла на сябе яго працу, стала журналісткай. Мы цяпер практычна ўвесь час разам. З ёю мы можам паразмаўляць на любыя тэмы, падзяліць на дзвюх гэты агульны боль».

dzyanis_i_volga_ivashyny._zdymak_z_arhivu_7.jpg



Як падтрымаць Дзяніса і яго сямʼю

Падтрымаць Дзяніса Івашына можна, пішучы яму лісты (лепш замоўныя з апавяшчэннем), а таксама пералічыўшы грошы ў турму, каб ён мог набыць сабе неабходныя рэчы.
Рэквізіты для грашовага перавода:
Турма № 1, Гродна
УНП: 590003691
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY81BAPB36429050005540000000
Адрас для лістоў:
Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Турма №1, вул. Кірава, д. 1, 230023, г. Гродна
Хто хоча фінансава падтрымаць сямʼю Дзяніса Івашына, можна адправіць перавод на банкаўскую картку:
«БПС-СБЕРБАНК»: 5435 5311 6677 1004
LIUDMILA IVASHINA-DOBINA
СП, фота МК belsat.eu