«Маці 328» пачалі галадоўку, патрабуючы сустрэчы з Лукашэнкам

Актывісткі ініцыятывы «Маці 328» 11 чэрвеня пачалі бестэрміновую галадоўку, патрабуючы сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і змены антынаркатычнага заканадаўства.

Фота з архіву

Фота з архіву

Як паведаміла БелаПАН актывістка ініцыятывы Ларыса Жыгар, галадоўка праводзіцца ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна. «Пакуль галадоўку пачалі тры маці, але потым яна будзе перарастаць у эстафетную, хтосьці будзе далей далучацца, прыязджаць. Я пакуль да галадоўкі не далучалася», — распавяла Жыгар.
«Асноўнае наша патрабаванне застаецца нязменным яшчэ з мінулага года — сустрэча з кіраўніком краіны. Гэта самае асноўнае, таму што, я думаю, калі б ён сустрэўся з маці, мы маглі б яму вельмі многае расказаць. Тым больш цяпер, калі адбылася адстаўка міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча», — дадала актывістка.
Сярод асноўных патрабаванняў — карэкціроўка артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і перагляд крымінальных спраў.
«Перагляду спраў мы хочам не павярхоўна, а па законе, каб было дасканалае вывучэнне кожнай справы і прыняцце правільнага рашэння, — падкрэсліла Жыгар. — Таксама патрабуем поўнага перагляду артыкула 328. У асноўным, зараз засталіся (з патрабаваннямі, на якія ўлады не адрэагавалі. — БелаПАН.) тыя маці, чые дзеці асуджаныя па чацвёртай частцы гэтага артыкула. Бо 13 чэрвеня дэпутаты будуць галасаваць па зменах ніжніх межаў тэрмінаў па частках 2 і 3 артыкула 328, а чацвёртую частку наогул ніяк не разглядаюць».
Па словах Жыгар, аб правядзенні галадоўкі жанчыны апавясцілі выканкам Пухавіцкага раёна, Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта. «Туды былі адпраўленыя нашы заявы, што мы з 11 чэрвеня пачынаем галадоўку, і з тлумачэннямі, з чым менавіта не згодныя маці. Можа быць, цяпер да нас прыслухаюцца. Можа быць, новы міністр унутраных спраў нешта будзе рабіць», — адзначыла Жыгар.
Галадоўку з аналагічнымі патрабаваннямі актывісткі ініцыятывы «Маці 328» ужо праводзілі ў красавіку-траўні 2018 года. Тады з актывісткамі сустракалася кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая абяцала даслаць афіцыйны адказ на іх патрабаванні.
8 траўня мінулага года старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пасля сустрэчы з Лукашэнкам паведаміў, што кіраўнік краіны выступае супраць паслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. «Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і спагады, — сказаў Сукала. — А што тычыцца той формы, якая сёння выбрана групай маці, то гэта з'яўляецца недапушчальным, гэта ціск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас».
Жанчыны спынілі галадоўку пасля таго, як ім паабяцалі, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць змены ў арт. 328.
naviny.by