«Лукашэнка плануе падняць на вайну народ, які ён 30 гадоў вучыў ні пры якіх акалічнасцях нікуды не падымацца»

Згодна з беларускай прапагандай, атрады «народнага апалчэння» ўжо створаны пры некалькіх сельсаветах. А міністр абароны Віктар Хрэнін разлічвае нават пашырыць яго колькасць да 100-150 тысяч чалавек. Аднак ёсць вялікія сумневы, што абаронны патэнцыял атрымаецца нарасціць такім экстэнсіўным спосабам.

Народнае апалчэнне. Фота з euroradio.fm

Народнае апалчэнне. Фота з euroradio.fm


Прыняты дэпутатамі законапраект аб народным апалчэнні павінен прайсці другое чытанне ў ніжняй палаце парламента і атрымаць ухваленне ў Савеце Рэспублікі, піша Генадзь Лук’яновіч у «Белнавінах».

«У 50 гадоў мужчыны здымаюцца з вайсковага ўліку. Прызваць іх на службу нельга. А атрады дазволяць грамадзянам стаць на абарону Айчыны», — кажа намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў.

Ігара Мартынава турбуе толькі адно: як бы не праніклі ў самаабарону «дэструктыўныя элементы».

«Пры распрацоўцы законапраекта ўлічылі негатыўны досвед Украіны, калі там бескантрольна раздавалі зброю. У выніку — бандытызм, марадзёрства», — упэўнены ён.

Мабыць, на думку ўлад, зброю цалкам можна замяніць энтузіязмам мас. Хоць вось у гэтым і ёсць самыя вялікія сумневы.

Вядома, пры дапамозе прапаганды можна абдурыць, але ёю нельга падмяніць матывацыю. Давайце паглядзім на суседнюю Расію: у Пуціна таксама цэлая армія прапагандыстаў працавала над праектам «народнай вайны» і «барацьбой з фашызмам на далёкіх подступах». Але, калі атрады ўзброенай рускай апазіцыі прыйшлі на тэрыторыю Белгародчыны, ніякая самаабарона не стала на іх шляху.

Рэакцыя расійцаў на вайну наогул аказалася прама процілеглай рэакцыі ўкраінцаў: яны банальна разбегліся, у той час як украінцы праяўлялі цуды свядомасці: будавалі барыкады, майстравалі ў гаражах супрацьтанкавыя «вожыкі», выстройваліся ў чэргах да ваенкаматаў, стварылі валанцёрскую сетку.

Мабыць, так і адрозніваецца рэакцыя грамадства таталітарнага ад рэакцыі грамадства дэмакратычнага.

Кіраўнікі сучаснай Беларусі, насамрэч, патрабуюць ад суграмадзян не патрыятызму, а максімальнай безыніцыятыўнасці, кіравальнасці, адсутнасці ўласнага меркавання. У Беларусі, як і ў Расіі, дзесяцігоддзямі ідзе негатыўная селекцыя, мэта якой — грамадства, пазбаўленае нават зародкаў ініцыятывы. Несумненна, такім лягчэй кіраваць. Але ёсць і адваротны бок: такое грамадства зусім не гатова падняцца на абарону кіруючага рэжыму.


Як мы бачылі на прыкладзе Бранскай вобласці, асноўная маса расійцаў млява лаяла «рускіх бандэраўцаў», седзячы на канапах і назіраючы па тэлевізары падзеі ў Шабекіна. І адначасова з тым зусім не гарэла жаданнем запісвацца ў добраахвотнікі і бегчы ратаваць белгародскіх «братоў».

Нягледзячы на тое, што замеры стабільна паказваюць 80-90% ухвалення расійцамі «спецаперацыі», гэта зусім не адбілася на жаданні браць у ёй удзел. Грамадства, выхаванае на прынцыпе каральнасці любой ініцыятывы, не можа рэагаваць на падзеі інакш, чым па-шарыкаўску: «на ўлік стану, а ваяваць — кукіш з маслам».

І мы ж ужо бачылі падобнае, калі з 16 мільёнаў членаў КПСС ніхто ў 1991-м годзе не пабег пратэставаць супраць распаду СССР.

Хутчэй за ўсё, падобнае здарыцца і з беларусамі. Улады абяцаюць і курсы ваеннай падрыхтоўкі для ўсіх студэнтаў, і зводныя падраздзяленні рыбінспектараў і егераў. Але ці будзе гэта працаваць — вялікае пытанне.

Лукашэнка плануе падняць на вайну той самы народ, які ён трыццаць гадоў вучыў ні пры якіх акалічнасцях нікуды не падымацца.