Валерый Карбалевіч: Сыходзіць з улады для Лукашэнкі — занадта небяспечна

Лукашэнка і яго асяроддзе рыхтуюцца да 2024 года, на які запланаваны так званы «Адзіны дзень галасавання». У гэты дзень у Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы, парламенцкія выбары, і выбары ў так званы «Усебеларускі народны сход».

Фота з profile.ru

Фота з profile.ru


Кіраўнік Беларусі цынічна ўжо агучыў вынікі гэтых выбараў. Па яго словах, «каля 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Нам чаго баяцца? Ну, за 20%, якія вагаюцца і якія супраць, мы яшчэ змагаемся». Любы іншы палітык пасля падзей 2020 года згарэў бы ад сораму, але — не Лукашэнка.

Адкуль узяліся лічбы ў 80% падтрымкі? Якім Лукашэнка ўяўляе сабе ўласную палітычную будучыню? Пра гэта ў BG.media разважае палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

— Лукашэнка абвясціў, што цяперашні палітычны курс адназначна падтрымлівае каля 80% беларусаў. Які сэнс і якое пасланне ўкладаецца ў гэтую лічбу?

— Яшчэ адна прапагандысцкая заява, што ён мае грамадскую падтрымку. А на грамадскай падтрымцы будуецца любая легітымнасць. Таму ён спрабуе прадаць сябе як прадстаўніка народа, як палітыка, абранага народам.

— За 20% астатніх, нявызначаных і праціўнікаў, Лукашэнка збіраецца пазмагацца. Якім чынам?

— А якім чынам Лукашэнка змагаецца са сваімі супернікамі? Садзіць у турму. Палітычныя рэпрэсіі — гэта самы просты, самы зразумелы і адзіна магчымы для Лукашэнкі спосаб палітычнага выжывання. Гвалт стаў універсальным спосабам вырашэння ўсіх праблем, якія паўстаюць перад грамадствам.

— Лукашэнка казаў пра мясцовыя выбары, пра парламенцкую кампанію і пра выбары ва Усебеларускі народны сход, дзе «будуць розныя людзі», але «ворагаў там не будзе». Пры гэтым пра прэзідэнцкую кампанію не сказана ні слова. Чаму?

— Таму што першымі на гарызонце якраз мясцовыя выбары, парламенцкая кампанія і выбары ў УНС. Прэзідэнцкія выбары запланаваны на год пазней, на 2025 год, а задачы вырашаюцца па меры іх паступлення.

Выбары ў УНС вызначаны спецыяльным законам. Лукашэнка нічога новага сказаць не можа — усё даўно вызначана і жорстка рэгламентавана. Гэтая кампанія малацікавая, таму што гэта не ўсенародныя выбары, тут няма кандыдатаў, няма інтрыгі. Улада выбірае сама сябе.


— Вы сочыце за палітычным лёсам Лукашэнкі з моманту прыходу яго да ўлады. Вы ведаеце яго лепш, чым хто іншы. Аляксандр Фрыдман лічыць, што ўдзел Лукашэнкі ў прэзідэнцкай кампаніі пад пытаннем, але з улады ён нікуды не сыдзе. Якую палітычную перспектыву выбраў для сябе сам Лукашэнка?

— З улады ён нікуды не сыдзе — гэта адназначна. Як і тое, што ён падрыхтаваў для сябе месца на чале Усебеларускага народнага сходу.

Але калі задацца пытаннем, будзе Лукашэнка балатавацца ў прэзідэнты ці не, то мой адказ — хутчэй так, чым не. Сыход з улады пагражае занадта сур'ёзнымі наступствамі для самога Лукашэнкі, для ягонай сям'і і ягонага атачэння — занадта шмат ён навараціў пасля 2020 года. Сыходзіць з улады для яго занадта небяспечна.

— Праблемы са здароўем могуць перашкодзіць яму ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?

— Калі вельмі сур'ёзныя праблемы са здароўем, то могуць перашкодзіць. Але здароўе занадта непрадказальная рэч, каб на ёй будаваць прагнозы.