Лукашэнка падпісаў закон пра смяротнае пакаранне за спробу акта тэрарызму
Лукашэнка падпісаў закон «Аб унясенні зменаў у Крымінальны кодэкс РБ», які прадугледжвае смяротнае пакаранне за замах на ўчыненне актаў тэрарызму.
Унесенымі ў КК папраўкамі прадугледжваецца прымяненне смяротнага пакарання за прыгатаванне да замаху на здзяйсненне забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны, а таксама за падрыхтоўку да замаху на здзяйсненне акта міжнароднага тэрарызму або акту тэрарызму з прымяненнем аб'ектаў атамнай энергіі, з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, хімічных або біялагічных рэчываў, піша АФН.
Таксама смяротнае пакаранне можа пагражаць за прыгатаванне замаху на здзяйсненне забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча ў сувязі з яго дзяржаўнай або грамадскай дзейнасцю для аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва.
Папраўкі ўступяць у сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Беларусь — апошняя краіна не толькі ў Еўропе, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе ад імя грамадзян краіны працягваюць расстрэльваць людзей. Нават у Туркменістане, дзе з правамі чалавека сітуацыя яшчэ горшая, чым у нас, ад смяротнага пакарання адмовіліся яшчэ ў 1999 годзе.