Лукашэнка пра Курапаты: Навошта вы гэтыя крыжы ля дарогі выставілі?
У інтэрв’ю для недзяржаўных беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра сваё стаўленне да савецкай гісторыі перыяду сталінскіх рэпрэсіяў.
Адказваючы на пытанне журналістаў, кіраўнік краіны заявіў пра неабходнасць дэпалітызаваць Курапаты:
— У Курапатах я бываю фактычна кожны дзень, бо праязджаю побач. І заўсёды думаю, ну навошта вы гэтыя крыжы літаральна ля дарогі выставілі? Трэба іх крыху аднесці, зусім прыбраць было б няправільна. Хоць гэта відавочная палітычная дэманстрацыя. Там, на самым месцы, я ні разу не быў, але планую туды пайсці. Але гэта будзе непублічна. Я хачу там сам пабыць, узяць дэпалітызаваную інфармацыю. Я ўжо даручыў, каб мне яе падрыхтавалі.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка фактычна не выказаў свайго стаўлення да ідэі стварыць ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.