Летась беларусы заплацілі амаль 65 млн долараў «адміністрацыйных» штрафаў
139 мільёнаў рублёў — столькі заплацілі беларусы за адміністрацыйныя правапарушэнні летась, вынікае са статыстыкі МУС за мінулы год. Больш за ўсё каралі за парушэнні правілаў на дарозе і распіццё алкаголю на вуліцы. А вось колькасць злачынстваў трохі скарацілася.
У цэлым па краіне за мінулы год зарэгістравана больш за 4 млн адміністрацыйных правапарушэнняў, якія пацягнулі спагнанні. Больш за ўсё — за перавышэнне хуткасці (1,9 млн спагнанняў), распіванне спіртнога ў грамадскім месцы (302 тысячы выпадкаў), дробнае хуліганства (55 тысяч) і збіванні (45 тысяч).
Агульная сума штрафаў склала 139 млн рублёў, што амаль на 6 мільёнаў больш, чым у папярэднім годзе.
Па віне п'яных вадзіцеляў адбылося 289 аварый. А яшчэ больш за 20 тысяч беларусаў былі пакараныя за язду пасля ўжывання спіртнога.
Акрамя таго, у мінулым годзе было зарэгістравана 84 тысячы злачынстваў, што на 2,9% менш, чым годам раней.
Больш за ўсё іх здарылася ў сталіцы — гэта значыць кожнае пятае па краіне, а ўсяго амаль 17 тысяч. З Мінскам могуць параўнацца па ліку хіба што ўся Мінская або Гомельская вобласць (16 і 13 тысяч адпаведна). У астатніх амаль пароўну, у раёне 9 тысяч.
Як і раней самыя «папулярныя» — крадзяжы, якія складаюць амаль трэць ад усіх злачынстваў у Беларусі, больш за 29 тысяч.
Далей ідуць наркотыкі: прыкладна 5 тысяч — гэта злачынствы, звязаныя з імі, а яшчэ 4,6 тысячы — непасрэдна абарот забароненых рэчываў (з мэтай збыту ў палове выпадкаў). Далей ідуць махлярства і хуліганства, па 4 тысячы.
Забойстваў і замахаў на забойства ў мінулым годзе адбылося 311. Яшчэ 723 — збіцці, а таксама 152 згвалтаванні або замахаў на згвалтаванне.
У 2018 годзе на 4% вырас узровень хабарніцтва — зарэгістравана 1999 фактаў атрымання хабараў, яшчэ прыкладна па 800 — службовых падробак і крадзяжоў шляхам прысваення або растраты. На злоўжыванні паўнамоцтвамі трапляліся амаль 300 разоў, а на крадзяжах такім чынам — яшчэ больш за 700.
Амаль на 20% скарацілася колькасць эканамічных злачынстваў, адзначылі ў МУС.
Фігурантамі крымінальных спраў (расследаванне па якіх скончылі ў 2018-м) часцей за ўсё станавіліся беспрацоўныя ці тыя, хто нідзе не вучыцца (28 з 46 тысяч), ужо судзімыя (17 тысяч чалавек) або п'яныя (12 тысяч). На злачынствах «трапіліся» яшчэ 1,5 тысячы дзяцей або падлеткаў.
За год да крымінальнай адказнасці прыцягнута амаль 42 тысячы беларусаў. У цэлым, па стане на 1 студзеня, у месцах пазбаўлення волі ўтрымлівалася каля 33 тысяч чалавек (з іх 237 непаўналетніх).
tut.by