Лекар Андрэй Ткачоў: «2020 год стаў другім Чарнобылем для Беларусі»
Адзін з самых вядомых беларускіх валанцёраў, грамадскі актывіст, каардынатар фонду медыцынскай салідарнасці Беларусі распавёў у інтэрв'ю «Салідарнасці» пра ланцужок вымушанай эміграцыі, барацьбу з выгараннем і адток медыкаў з краіны.
У Беларусі Андрэй Ткачоў шмат гадоў сумяшчаў працу фітнес-трэнера і кансультанта па ЗЛЖ, дапамагаў праводзіць спартыўныя святы ў дзіцячых дамах, падтрымліваў прытулкі для жывёл.
А ў 2020-м стаў адным са стваральнікаў ініцыятывы «byCovid19», якая дапамагла медыкам пратрымацца ў першыя, самыя складаныя месяцы эпідэміі каронавіруса, калі ўлады ўпарта рабілі выгляд, што ўсё ў парадку і віруса няма.
За чатыры месяцы актывісты з дапамогай неабыякавых беларусаў сабралі амаль 350 тысяч долараў ахвяраванняў, на якія закупілі сродкі індывідуальнай абароны для лекараў, абсталяванне для бальніц. Было і супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ, і лісты падзякі ад Міністэрства аховы здароўя.
А ўлетку платформу «MolaMola», праз якую ішоў дабрачынны збор, закрылі, і шмат у чым (але не толькі) таму дзейнасць грамадзянскай ініцыятывы была згорнута.
А ўжо 10 жніўня 2020-га сілавікі выцягнулі Андрэя з машыны проста ў двары. Пры перавозцы ў ІЧУ збівалі да страты прытомнасці. Праз некалькі дзён адпусцілі, як тысячы затрыманых у тыя дні. Але хутка «хапуны» аднавіліся, хапалі і тых, хто актыўна выступаў супраць рэжыму ў сацсетках. І адвакат, і сябры ў адзін голас сказалі Андрэю: трэба з'язджаць.
«Прыехаў на два тыдні да сяброў. І неяк застаўся»
Да пачатку вайны Андрэй жыў то ў Кіеве, то ў Вільні, то ў Варшаве. Стаў сузаснавальнікам фонду, які дапамагае рэпрэсаваным медыкам, нават дамовіліся з Міністэрствам аховы здароўя Украіны аб супрацоўніцтве і падтрымцы. Цяпер Андрэй Ткачоў у Іспаніі.
— Як тут апынуўся? Як кажуць беларусы, «лёс склаўся так». Ад 2020 года я вёў качавы лад жыцця, нідзе свядома не асядаючы, для таго, каб мець магчымасць быць мабільным. Вядома, жыццё ў рэжыме «на валізках» не дадавала ўстойлівасці псіхіцы.
Плюс у розных краінах свае нюансы. Што ў Вільні, што ў Варшаве зняць жыллё — гэта сур'ёзны квэст, таму там часта жыў па сябрах і знаёмых. Больш за ўсё спадабаўся Кіеў: гэты горад, найбольш блізкі мне па ментальнасці і атмасферы, напэўна, я разглядаў бы для жыцця. Але — вайна, а я на той момант апынуўся ў Вільні.
Да жніўня мінулага года, успамінае Андрэй, «злавіў жорсткае выгаранне» на фоне вайны, арганізацыі гуманітарнай дапамогі Украіне і напружанай працы па дапамозе рэпрэсаваным. Актывіст апынуўся ў сітуацыі шаўца без ботаў: каардынатар Фонду салідарнасці медыкаў, які супрацоўнічае з медыцынскім праектам анлайн кансультацый okdoc.me (з Беларусі працуе праз VPN), пасля 2020 года сам ні разу не звяртаўся па псіхалагічную дапамогу — меркаваў, што іншым больш патрэбна.
— Калі ўвесь час бачыш праблемы іншых людзей, рэпрэсіі, пакуты, то свае складанасці здаюцца не такімі ўжо і важнымі. Па выніку, вядома, дарма я так рабіў. Зразумеў гэта, калі ўпаў у першую сур'ёзную, глыбокую дэпрэсію ў сваім жыцці.
Праблемай было проста ўстаць з ложка, прымусіць сябе нешта паесці, зрабіць нейкія зусім базавыя рэчы. Гэта вельмі непрыемны стан, як балота, з якога так проста не выбрацца: табе нічога не хочацца, не адчуваеш ні радасці, ні задавальнення ні ад чаго ў жыцці.
І ўжо тады стала відавочна, што без дапамогі псіхатэрапеўта не вывезу. Паставілі дыягназ ПТСР, трывожна-дэпрэсіўны разлад. Палепшыць карціну ўдалося з дапамогай тэрапіі і курса антыдэпрэсантаў, пасля чаго лекар настойліва параіў адпачыць у месцы, дзе адчуваеш сябе камфортна.
Знаёмыя з Іспаніі напісалі, запрасілі пажыць у іх два тыдні, і неяк яно так пайшло: я паглядзеў, што сонечна, цёпла, ды і застаўся, — усміхаецца Андрэй. — Удалося знайсці жыллё, скаапераваўшыся з хлопцамі — у складчыну атрымліваецца танней, чым было б у Вільні ці Варшаве. Пры гэтым да мора 100 метраў, сонца з васьмі раніцы да шасці вечара, а не як у той жа Вільні — 5 гадзін у месяц.
«2020 год стаў другім Чарнобылем для Беларусі»
— Калі вярнуцца ў 2020-ы, яшчэ да выбараў, не было адчування дзікай несправядлівасці: калі ўлады спачатку рабілі выгляд, што няма ніякай эпідэміі, а лекары не спраўляліся без дапамогі валанцёраў, потым нядбайна, як бы паміж справай, актывістаў пахвалілі, а потым — бац, і ў адзін момант ты ўжо «набыты лялькаводамі» здраднік і вораг?
— Наогул, жывучы ў Беларусі, складана пазбавіцца ад пачуцця татальнай несправядлівасці, якім літаральна прасякнута паветра. Не скажу, каб для мяне гэта пачалося ў 2020 годзе, але атрымлівалася, напэўна, прыстасоўвацца і жыць у сваім інфармацыйным полі, у кокане, імкнучыся гэтага не заўважаць, выбудоўваць сваю паралельную рэальнасць.
Але 2020 год стаў, на мой погляд, другім Чарнобылем для Беларусі. Праблема аказалася настолькі глабальнай, што ігнараваць, замоўчваць або хлусіць пра яе было немагчыма. Склалася сітуацыя, якая закранула ўсіх: і сілавікоў, і чыноўнікаў, і рабочых — усе слаі грамадства: кавід, як і радыяцыя, не разбірае, каго заразіць, а каго не. І гэта стала трыгерам.
Ну, а рэакцыя беларускай дзяржавы на гэту сітуацыю, у агульным, тыповая для любой аўтарытарнай або таталітарнай дзяржавы. Як Савецкі Саюз рэагаваў на катастрофу на Чарнобыльскай АЭС, літаральна тыя ж этапы: адмаўленне, замоўчванне, зменшванне праблемы, спроба схаваць статыстыку.
Паказальна было, калі афіцыйна Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што па ўсёй краіне за суткі 5 чалавек памерла, а я паўгадзіны таму меў размову з рэаніматолагам адной з мінскіх бальніц, і той распавёў, што ў іх за суткі памерла 20 чалавек — толькі ў адной бальніцы, толькі ў Мінску.
У выніку залішняя смяротнасць ад кавіду па краіне каласальная. Яе можна было б пазбегнуць, калі б дзяржава паставілася да праблемы сур'ёзна.
— Беларусы ўнутры краіны заўважаюць, што лекараў у паліклініках і бальніцах не хапае, але, напэўна, не ўяўляюць маштабаў праблемы. Калі меркаваць па зваротах у фонд, наколькі вялікі адток медыкаў з краіны?
— Мы таксама не да канца разумеем маштаб гэтай трагедыі, і я ўпэўнены, што нават Міністэрства аховы здароўя яго не ўяўляе. Мы ж бачым толькі тых, хто да нас звяртаецца, а гэта вельмі невялікі адсотак медыкаў, і тыя выпадкі, якія трапляюць у СМІ.
Андрэй называе адток лекараў з Беларусі катастрафічным.
— Мы назіраем яго з 2021 года, калі самых актыўных медыкаў, якія выступалі супраць гвалту і за новыя выбары, «выціснулі» з прафесіі. І, на жаль, рэпрэсіі медыцынскай супольнасці на гэтым не спыніліся. Гэта абсалютнае глупства. Каб рэпрэсаваць медыка, шмат мазгоў не трэба, а каб вывучыць спецыяліста, трэба выдаткаваць гады: 6 — 8 — 10 гадоў.
Была такая практыка, якую ўвялі ў 2021-м, не ў апошнюю чаргу «дзякуючы» спадару Піневічу: «чорныя спісы» лекараў і медперсаналу, хто быў заўважаны ў пратэстах і таму атрымліваў адміністрацыйныя артыкулы — іх змушалі з'язджаць, звальнялі, нідзе не бралі на працу.
Гэтая тэндэнцыя працягваецца, і недахоп медыкаў проста страшны: ва ўстановах аховы здароўя вымушаны закрывацца цэлыя аддзяленні, таму што не хапае спецыялістаў. На жаль, сітуацыя будзе толькі пагаршацца.
Нібыта анансаваныя дадаткі да зарплаты пасля адмены «кавідных» часткова з'еліся інфляцыяй, часткова нівеліраваліся маніпуляцыямі з гадзінамі, колькі павінен працаваць медык. У Міністэрстве аховы здароўя, напэўна, выведуць прыгожыя справаздачы і па заробках, і па лекарах, але вельмі доўгае ігнараванне праблемы — гэта не рашэнне, а страусіная тактыка, якая ўжо мае і будзе мець яшчэ большыя доўгатэрміновыя наступствы для ўсёй краіны.
Замест таго, каб ствараць неабходныя ўмовы працы, плаціць годны заробак і павышаць прэстыж прафесіі, у нас спрабуюць зрабіць з лекараў рабоў і прыгонных — шляхам рэпрэсій, запалохванняў і абмежавальных мер. І так ва ўсіх сферах.
Куды з'язджаюць лекары з Беларусі? Тыя, хто адчувае сябе больш упэўнена і гатовы пацвердзіць кваліфікацыю, часцей у Польшчу, у Германію, Чэхію, шчасныя краіны, дзе Прафесія ўрача цэніцца па заслугах, хтосьці — у Расію, дзе працэс настрыфікацыі максімальна просты, але гэта, па сутнасці, змена шыла на мыла, адной таталітарнай сістэмы на іншую.
Наш фонд імкнецца якраз «не страціць» гэтых людзей, трымаць сувязь з тымі, хто з'ехаў, дапамагаць ім кансультацыямі — у нас на сайце ёсць цэлы раздзел гайдаў па легалізацыі ў розных краінах для медыкаў. Адна з мэт — стварыць магчымасць у выпадку станоўчых перамен у нашай краіне хаця б частцы лекараў вярнуцца, ужо з новым досведам і ведамі, каб аднаўляць нашу ахову здароўя і праводзіць неабходныя рэформы.
«Цяпер галоўная задача — захаваць сябе і дапамагаць навакольным»
На пытанне, што дапамагае рухацца далей, дапамагаючы іншым, і не выгараць зноў, Андрэй вельмі зразумела раскладвае па палічках алгарытм: падтрыманне ўласнага здароўя (не запускаць хранічныя болькі, займацца прафілактыкай, своечасова звяртацца да лекараў); фізічная актыўнасць, любая, якая прыносіць задавальненне («выпрацоўка гармонаў шчасця пасля добрай трэніроўкі вельмі дапамагае»); і як надбудова на гэтай базе — падтрыманне ментальнага здароўя.
— Гэта значыць, фітнес і ЗЛЖ зноў сталі часткай жыцця?
— Так, стараюся больш часу аддаваць трэніроўкам, тым больш тут і прырода, і атмасфера спрыяюць таму, каб больш рухацца, а не сядзець дома.
Чаго больш за ўсё не хапае? Вядома, свайго кола зносін, сяброў — іх падтрымка заўсёды была вельмі каштоўнай, менавіта сябры дапамагалі выбірацца з самых цяжкіх станаў, і псіхалагічных, і фінансавых. Эмігранцкае жыццё, вядома, не цукар, вельмі розныя сітуацыі бываюць. Таму падтрымка блізкіх тут вельмі важная.
— Многія беларусы кажуць пра тое, што баяцца будаваць далёкія планы і жывуць «з сёння на заўтра». У вас як з гэтым?
— Мабыць, з пачатку 2020 года і я ў такім жа стане: не ўдавалася будаваць планы больш чым на месяц-два. Як з гэтым жыць, не ведаю. Напэўна, старацца атрымліваць радасць ад нейкіх простых рэчаў, якія адбываюцца прама цяпер — і, вядома, спадзявацца на лепшае.
Пераклад «НЧ», фота з Фэйсбука Андрэя Ткачова