Крыніцы: Уладзіслаў Кавалёў жыў яшчэ два месяцы пасля агучанай даты расстрэлу

На 12-ю гадавіну выбуху ў мінскім метро «К*берпартызаны» падзяліліся звязанымі з той трагедыяй дакументамі, да якіх ім удалося атрымаць доступ.

Фота: РІА «Новости»

Фота: РІА «Новости»

Па-першае, ананімныя беларускія айцішнікі выставілі электронную копію тэксту смяротнага прысуду, вынесенага 30 лістапада 2011 года абвінавачаным у здзяйсненні тэракта Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

Але куды большую цікавасць выклікае тое, што, як сцвярджаюць «К*берпартызаны», даты смерці абодвух асуджаных, якія фігуруюць у АІС «Пашпарт», разыходзяцца з афіцыйна абвешчанымі ўладамі.

Так, паводле сістэмы АІС «Пашпарт» Канавалаў памёр 14 сакавіка 2012 года, а Кавалёў — 15 мая 2012 года. У той жа час афіцыйная дата смерці абодвух — 16 сакавіка 2012 года.

Асабліва інтрыгоўна гэта выглядае ў выпадку Уладзіслава Кавалёва, бо дата разыходзіцца не на два дні, як у Канавалава, а ажно на два месяцы. Да таго ж дата, зафіксаваная ў АІС «Пашпарт» — не ранейшая, а пазнейшая за афіцыйную.

Калі справа тут не ў банальнай памылцы, калі сакавік пераблыталі з маем (гэта таксама, відаць, магчыма), то можна толькі гадаць, дзеля чаго такія маніпуляцыі маглі спатрэбіцца лукашыстам.

«Н*ша Ніва» выказвае здагадку, што ў лукашэнкаўскай Беларусі маглі захаваць падыходы, якія практыкаваліся сталінскімі нкусаўцамі падчас «Вялікага тэрору» 1930-х гадоў. Тады, напрыклад, некаторых вязняў мінскай «Амерыканкі», афіцыйна расстраляных, яшчэ пэўны час трымалі жывымі, выбіваючы з іх новыя паказанні і ствараючы спецыяльныя «асобыя карпусы».

Асуджаныя ў «асобым корпусе» ведалі пра свой смяротны прысуд, але ім казалі, што яны могуць заслужыць перагляд яго, могуць захаваць жыццё, калі дапамогуць НКУС у выкрыцці іншых «ворагаў народа». Ад іх дабіваліся паказанняў на максімальную колькасць людзей. Ім падсаджвалі вязняў, каб яны іх «раскручвалі» на «прызнанні». Зняволеных тут білі канвеерам па 24 гадзіны.

Нібыта адным з такіх вязняў быў Браніслаў Тарашкевіч.

Ведаючы, што сілавікі лукашэнкаўскага рэжыму адчуваюць сябе духоўнымі нашчадкамі колішніх сталінскіх катаў, а іх кіраўніцтва пазбаўлена ўсялякіх маральных арыенціраў, цалкам можна дапусціць, што практыка папярэднікаў магла б імі быць прынята на ўзбраенне і ў новых умовах.

Праўда, узнікае пытанне, для якіх практычных мэт такое трэба было б рабіць з Уладзіславам Кавалёвым? Якую інфармацыю ад яго маглі б у прынцыпе атрымаць і навошта для гэтага былі б патрэбны такія падыходы? Улічваючы тое, што ніякімі фармальнымі тэрмінамі, на працягу якіх мусіла быць ажыццёўлена пакаранне смерцю, сілавікі звязаны не былі і ніякага грамадскага кантролю за іх дзеяннямі ў Беларусі не было і тады — маглі рабіць усё што хацелі. Дый раскручваць тую справу далей, уцягваючы ў варонку іншых людзей.

Пакуль што на гэтыя пытанні атрымаць адказ наўрад ці магчыма. Можна канстатаваць толькі, што з'явілася яшчэ адна загадка без гарантыі, што некалі яна будзе разгадана.