Крыніцы: Улады пачалі складаць спісы палітвязняў для вызвалення па амністыі

Як стала вядома «Нашай Ніве», у атмасферы строгай сакрэтнасці пачалі складацца спісы асоб, якія могуць трапіць пад акт палітычнай аміністыі. Складаннем спісаў займаецца адзін са следчых органаў.

unnamed_251.jpg

Усё робіцца ў атмасферы строгай тайны, працэс рэгулюецца дакументам, загнаным пад «ДСП» (для службовага карыстання).

Агульнага разумення, хто трапіць у спісы, пакуль няма — нам вядома толькі пра юрыдычную «драбязу» — напрыклад, у спісы дакладна ўключылі людзей, асуджаных за нанясенне надпісаў.

«Складанне гэтых спісаў не азначае, што яны будуць рэалізаваныя, але рэчы паказваюць на тое, што палітычная амністыя можа быць», — патлумачылі нам абазнаныя.

Гэта суадносіцца з інфармацыяй аб тым, што «палітычным» пачалі прапаноўваць пісаць пакаяльныя лісты і ў месцах адбыцця пакаранняў, і нават у СІЗА.

Станам на 15 чэрвеня ў Беларусі 481 палітвязень, многія з тых, хто знаходзіцца ў ізалятарах і ў калоніях па палітычных прычынах, яшчэ такімі не прызнаныя.