495 універсітэтаў свету заклікалі замарозіць партнёрства з ВНУ Беларусі
На сайце change.org запусцілі петыцыю, накіраваную ў 495 універсітэтаў з усяго свету, з патрабаваннем замарозіць партнёрства з ВНУ Беларусі да спынення рэпрэсій супраць студэнтаў і выкладчыкаў. На дадзены момант петыцыю падпісала пад 17 000 чалавек.
Акрамя петыцыі, актывісты супольнасці «Сумленныя людзі» і Асацыяцыі беларускіх студэнтаў накіроўваюць лісты ў замежныя ўніверсітэты з патрабаваннем спыніць любое супрацоўніцтва з адміністрацыямі ВНУ. А звычайныя беларусы пішуць гэтыя патрабаванні ў каментарах у сацыяльных сетках навучальных устаноў.
Замест супрацоўніцтва з адміністрацыяй універсітэтаў заходнім ВНУ прапануюць распрацоўваць незалежныя праграмы акадэмічнай дапамогі і стыпендыі, супрацоўнічаць з недзяржаўнымі прафсаюзамі і моладзевымі аб'яднаннямі.
Міжнародныя партнёрства як інструмент у барацьбе супраць рэпрэсій ва ўніверсітэтах
Актывісты руху тлумачаць, што такім чынам хочуць спыніць рэпрэсіі супраць актывістаў ва ўніверсітэтах, а таксама паўплываць на прысуд па «Справе студэнтаў»: 10 студэнтам, актывістцы і выкладчыцы пагражае да трох гадоў турмы за арганізацыю акцый пратэсту.
Нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі, за ўвесь час пратэстаў ні адна беларуская ВНУ не выказалася ў абарону сваіх студэнтаў. Але яшчэ горш — супрацоўнікі адміністрацый часта самі выклікалі на студэнтаў АМАП, пісалі заявы ў міліцыю, адлічвалі студэнтаў і звальнялі выкладчыкаў з-за грамадзянскай пазіцыі.
Пры гэтым у беларускіх ВНУ ёсць замежныя ўніверсітэты-партнёры, з якімі заключаны пагадненні рознага ўзроўню: у сферы навукі, абмену, тэхнічнай і фінансавай дапамогі. На думку актывістаў, гэтыя партнёрствы — адчувальны рычаг ціску на адміністрацыі беларускіх навучальных устаноў.
Аб прыпынку супрацоўніцтва ўжо заявіў украінскі ўніверсітэт. З аналагічным папярэджаннем выступіў прафсаюз работнікаў адукацыі ў Германіі.
Рэпрэсіі супраць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў
У ходзе пратэстаў у Беларусі ахвярамі рэпрэсій сталі больш за тысячу студэнтаў і выкладчыкаў.
Па звестках супольнасці «Сумленныя людзі» з пачатку навучальнага года 246 студэнтаў былі адлічаныя з-за грамадзянскай пазіцыі, 103 выкладчыка звольненыя або з імі не былі падоўжаныя кантракты, 114 чалавек пазбаўленыя стыпендый і / або інтэрната, а 915 сутыкнуліся з пагрозамі з боку адміністрацыі.
Шмат у каго праблемы не сканчаюцца ўніверсітэтам: як мінімум 43 студэнта знаходзіцца пад крымінальным пераследам і праходзяць па крымінальных артыкулах.
Паводле прэс-рэлізу