Круглы стол па АЭС: будаўніцтва — спыніць, Чарнобыльскі шлях — да адміністрацыі Лукашэнкі
Удзельнікі прадстаўнічага круглага стала «Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!» 31 студзеня прынялі выніковую рэзалюцыю.
У рэзалюцыі ўдзельнікі круглага стала патрабуюць спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, арганізаваць
міжнародную канферэнцыю па гэтым пытанні і накіраваць Чарнобыльскі Шлях
да рэзідэнцыі Лукашэнкі.
У працы круглага стала ўдзельнічала міністр-дарадца пасольства Літвы ў Беларусі Ірэна Ведрыцкайтэ.
15 лютага а 12:00 на Сядзібе БНФ у Менску (Чарнышэўскага 3) адбудзецца першае паседжанне аргкамітэту Чарнобыльскага шляху-2017.
Поўны тэкст заявы Круглага стала:
СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА АЭС У БЕЛАРУСІ!
Пад Астраўцом у Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Рашэнне пра пабудову АЭС у краіне, якая ў 1986 годзе перажыла Чарнобыльскую катастрофу, было прынятае афіцыйнымі ўладамі насуперак меркаванню грамадскасці, незалежных і міжнародных экспертаў.
АЭС на Астравецкай пляцоўцы будаваць катэгарычна нельга: навукоўцы ўжо даказалі небяспеку гэтага месца для размяшчэння атамнай электрастанцыі.
За апошнія некалькі месяцаў на будоўлі адбыўся шэраг аварыяў і няшчасных выпадкаў. Выканаўца вымушаны быў замяніць рэактар, які абрынуўся з вышыні на зямлю – але пры перавозцы рэактара да Астраўца новы рэактар зноў быў пашкоджаны.
Мы, удзельнікі круглага стала «Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!», выказваем абурэнне тым, што, нягледзячы на небяспеку выбранай пляцоўкі, сур’ёзныя аварыі і няшчасныя выпадкі, у Астравецкім раёне Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі паводле расейскага праекту.
Пастаянныя інцыдэнты ў працэсе будаўніцтва і ўсталявання рэактару пацвярджаюць самыя змрочныя прагнозы і трывогі экспертаў, назіральнікаў, эколагаў і жыхароў Беларусі: запуск АЭС у Астраўцы можа выліцца ў катастрофу і для нашай краіны, і для еўрапейскіх краінаў.
Мы патрабуем ад афіцыйных уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць, экспертаў, кіраўнікоў дэмакратычных сілаў падрыхтаваць і правесці ў Менску прадстаўнічую канферэнцыю, прысвечаную абмеркаванню і распрацоўцы шляхоў спынення будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.
Мы заклікаем прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і экалагічных рухаў арганізаваць Чарнобыльскі шлях-2017 пад лозунгам «Стоп АЭС у Беларусі!» – і правесці заключны мітынг Шляху непасрэдна каля Адміністрацыі прэзідэнта ці будынку Савета міністраў.
Лепін Георгій Фёдаравіч, фізік, доктар тэхнічных навук, прафесарДубавой Мікалай Іванавіч, акадэмік МАІТСевярынец Павел Канстанцінавіч, сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская ДэмакратыяЯнукевіч Аляксей Антонавіч, старшыня Партыі БНФВештард Ірына Зянонаўна, старшыня партыі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя ГрамадаКучук Дзмітрый, прадстаўнік Беларускай Партыі ЗялёныхУласевіч Мікалай Міхайлавіч, каардынатар кампаніі “Стоп АЭС у Беларусі!”, Астравецкі раёнКрук Іван Фёдаравіч, прадстаўнік Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, АстравецАўтуховіч Мікалай, кіраўнік прафсаюза прадпрымальнікаў “Салідарнасць”Талстая Алена Ўладзіміраўна, сустаршыня руху “Разам!” Багінская Аўгіння Ніна, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФТуровіч Аляксей, рэжысёрАстапенка Анатоль, пісьменнік,Пракаповіч Павел, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі БХДІ іншыя – агулам 23 удзельнікі.
Менск, 31 студзеня 2017 года.
Паводле bchd.info