Кошт шэнгенскіх візаў для Беларусі можа скласці 35 еўра

У выпадку падпісання Мінскам і Бруселем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт шэнгенскіх візаў для Беларусі складзе 35 еўра, паведамілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі, каментуючы інфармацыю Еўракамісіі пра змены ў візавай палітыцы.

visa_2.jpg

Аб падаражанні шэнгенскіх візаў, якое мае адбыцца ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы выдачы ўязных дакументаў, Еўракамісія абвясціла 14 сакавіка. Адзначалася, што пасля ўнясення паправак у Візавы кодэкс ЕС тэрміны выдачы візаў скароцяцца з 15 да 10 дзён, падаваць заяўку на візу можна будзе за паўгода да даты паездкі (цяпер за тры месяцы), а працэдура запаўнення і падачы заяўкі стане цалкам электроннай. З прычыны дадатковых выдаткаў на арганізацыю бяспекі кошт шэнгенскай візы плануюць павялічыць з 60 да 80 еўра.
У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі ўдакладнілі: прапанаваныя змены ў візавай палітыцы будуць абмяркоўвацца і павінны быць узгодненыя з Еўрапарламентам і Саветам ЕС, перш чым стануць законам. Там таксама адзначылі, што «павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, устаноўлены ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаны паміж ЕС і шэрагам трэціх краін, такіх як Расія, Арменія і Азербайджан».
«Гэта азначае, што пасля заключэння паміж ЕС і Беларуссю пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі плата за афармленне візы складзе 35 еўра», — растлумачылі ў прадстаўніцтве ЕС і падкрэслілі, што абодва пагадненні — аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадміссіі — павінны быць падпісаны і набыць моц адначасова.
«На чацвёртым раўндзе перамоў, які адбыўся ў Мінску ў чэрвені 2017 года, быў дасягнуты значны прагрэс у дачыненні да тэксту пагаднення аб рэадмісіі, — адзначылі ў прадстаўніцтве. — Што датычыцца пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, то яшчэ трэба будзе вырашыць шэраг нявырашаных пытанняў. Абодва пагадненні набудуць моц адначасова. Чакаецца, што наступны раўнд перамоў пройдзе ў Мінску ў найбліжэйшыя месяцы».
Перамовы па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі Беларусь і Еўрасаюз вядуць ужо некалькі гадоў. 8 снежня 2017 года прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык адзначыў, што Беларусь зацікаўленая ў больш хуткім вырашэнні гэтага пытання. «Застаюцца неўрэгуляванымі некалькі тэхнічных пытанняў — увядзенне біяметрычных пашпартоў, адкладзены перыяд па пагадненні аб рэадмісіі. Будзем збліжаць пазіцыі», — сказаў ён.
Міністэрства ўнутраных спраў анансавала, што ў канцы 2018 года ў Беларусі плануецца ўвесці біяметрычныя пашпарты.
Паводле Народнай волі