Кнігу Алеся Бяляцкага прызналі забароненай і патрабуюць вывезці з Беларусі
Кніга Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай” з’яўляецца забароненай для ўвозу ў Беларусь. Праваабаронцы Таццяне Равяка прадпісана вывезці выданне за мяжу.
Такое рашэнне суддзя Ашмянскага суда Таццяна Емельяновіч прыняла 11 лютага па выніках разгляду скаргі праваабаронцы на дзеянні супрацоўнікаў Ашмянскай мытні.
3 ліпеня мінулага года яны затрымалі 40 асобнікаў выдання, якіяТаццяна Равяка ўвозіла на ўласнай машыне з Літвы ў Беларусь.
Пасля гэтага кіраўніцтва мытні прызначала дзве экспертызы на прадмет наяўнасці ў кнізе экстрэмісцкіх альбо тэрарыстычных заклікаў, але абедзве экспертызы суд па шэрагу прычынаў прызнаў несапраўднымі.
Нягледзячы на гэта, суддзя “паводле ўласнага пераканання” прыняла рашэнне забараніць увоз выдання ў краіну і забавязаць Таццяну Равяка вывезці наклад за мяжу.
“Суддзя патлумачыла, што экспертыза непрымальная, таму што яна і была прызначаная і праведзеная з парушэннем закону. Таму яе вынікі ня могуць быць прызнаныя ў якасці экспертызы па дадзенай справе. Суддзя сказала, што яна прымала рашэнне пра рээкспарт кніг, зыходзячы не з высноваў экспертаў, а са свайго ўласнага пераканання. У выніку прынятае рашэнне пра тое, што кнігі павінны быць рээкспартаваныя ў Літву”, — каментуе пастанову суду Тацяна Равяка.
Сама Равяка з такім рашэннем катэгарычна не згодная і найбліжэйшымі днямі мае намер падаць касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд.